wd wp Пошук:

Генрыэта Марыя Французская

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Генрыэта.

Генрыэта Марыя Французская (Henriette Marie; 25 лістапада 1609 — 10 верасня 1669) — малодшая дачка французскага караля Генрыха IV і Марыі Медычы, выдадзеная замуж у 1625 годзе за Карла I Сцюарта, караля Англіі, Шатландыі і Ірландыі. Маці двух англійскіх манархаў (Карла II і Якава II) і бабуля яшчэ траіх. Па жаночай лініі ад яе вядуць свой род Людовік XV і яшчэ чацвёра каралёў Францыі. Яе імем у ЗША названы штат Мэрыленд.

Біяграфія

Нарадзілася ў Луўры за паўгода да забойства бацькі і была нарачона ў гонар абодвух бацькоў. Калі дзяўчынцы было сем гадоў, Марыю Медычы выслалі з Парыжа. Яшчэ праз 7 гадоў Генрыэту-Марыю выдалі замуж за англійскага караля. Па прыбыцці ў Лондан маладая выявіла, што муж знаходзіцца пад поўным уплывам герцага Бекінгема. Жывучы ў адным палацы, яны не бачылі адзін аднаго тыднямі. Толькі пасля забойства Бекінгема Карл пацяплеў да жонкі і, паводле сведчанняў сучаснікаў, «закахаўся» ў сваю каралеву.

Генрыэта Марыя не шкадавала высілкаў для таго, каб «акультурыць» англійскі двор па кантынентальным узоры, заступалася тэатрам, але яе набожная прыхільнасць да каталіцкіх абрадаў адштурхвала ад яе прыдворных-англікан. З набліжэннем Англійскай рэвалюцыі яна спрабавала прыцягнуць на бок мужа французаў, галандцаў і Папу Рымскага, чым толькі падлівала смалы ў агонь грамадзянскай вайны.

Генрыэта-Марыя з мужам і дзецьмі (Ван Дэйк, 1633 г.)

Калі ў жніўні 1642 г. справа дайшла да баявых сутыкненняў, Марыя Генрыэта накіравалася ў Нідэрланды для збору сродкаў на вядзенне вайны з парламентарыямі. У лютым наступнага года яна прычаліла да берагоў Іаркшыра і прынялася ўзнімаць насельніцтва на абарону караля. У ліпені 1644 г. справы Карла сталі зусім дрэннымі, і каралева пакінула межы Англіі. Праз пяць гадоў яе муж быў пакараны смерцю.

З тых часоў Марыя Генрыэта аддавала перавагу больш не ўмешвацца ў палітычныя пытанні, а займацца выхаваннем дзяцей у каталіцкім духу. Сама яна жыла спачатку ў Луўры, потым у Пале-Раялі, тады як яе сыны пад ціскам Мазарыні былі вымушаны пакінуць Францыю. Малодшага сына Генрыха яна спрабавала пераканаць прыняць каталіцтва, што настроіла супраць яе старэйшага сына і англійскіх эмігрантаў на чале з Кларэндонам. Пасварыўшыся з дзецьмі, Марыя Генрыэта выдалілася ў заснаваны ёю кляштар у Шаё.

Пасля атрымання вестак пра Сцюартаўскую Рэстаўрацыю яна ў кастрычніку 1660 г. паспяшалася прыехаць у Лондан, каб зладзіць шлюб старэйшага сына з каталічкай Кацярынай Браганскай. Ёй быў прадстаўлены для пражывання раскошны Сомерсет-хаус са штогадовым утрыманнем у памеры 60 тысяч фунтаў. Тым не менш забавы маладога двара былі агіднымі яе каталіцкім перакананням, і яна тройчы вярталася ў Францыю, каб засватаць дачку Генрыэту за пляменніка, Філіпа Арлеанскага, і наладзіць іх сумеснае жыццё.

Апошнія чатыры гады Генрыэта-Марыя правяла ў Францыі. Яна памерла на год раней за сваю дачку і была пахавана каля бацькоў у абацтве Сен-Дэні. Вялікую вядомасць атрымала прамова, прачытаная на яе пахаваннях біскупам Басюэ.

Зноскі

  1. 1 2 Henrietta Maria // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. 1 2 Henrietta Maria of France // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 Kindred Britain
  4. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  5. 1 2 3 Lundy D. R. The Peerage

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1609 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 25 лістапада
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Парыжы
Катэгорыя·Памерлі 10 верасня
Катэгорыя·Памерлі ў 1669 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Францыі
Катэгорыя·Пахаваныя ў абацтве Сен-Дэні
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Французскія прынцэсы
Катэгорыя·Мужы і жонкі манархаў Англіі
Катэгорыя·Бурбоны
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Узнагароджаныя Залатой ружай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных