wd wp Пошук:

Валянцін Віктаравіч Волкаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Волкаў.

Валянцін Віктаравіч Волкаў (7 (19) красавіка 1881, Ялец Арлоўскай губерні Расійскай імперыі — 8 лістапада 1964, Мінск) — беларускі жывапісец. Народны мастак БССР (1955), прафесар (1957). Аўтар выяў герба БССР узораў 1927 і 1938 гадоў[4], мадыфікацыя якіх з’яўляецца цяперашнім афіцыйным гербам Беларусі.

Біяграфія

З сям’і рускіх мастакоў Арлоўскай губерні. Першым прафесійным мастаком быў дзед, прыгонны, якога гаспадар аддаў у вучылішча жывапісу і скульптуры, але за некалькі месяцаў да заканчэння вучэння забраў адтуль, каб не даваць вольную. Бацька таксама быў прафесійным мастаком жанрыстам і партрэтыстам ў Яльцы. З дзяцінства Валянцін быў сярод карцін і мастакоў, меў уласны альбом дзе рабіў накіды і копіі. Вучыўся ў Пензенскім мастацкім вучылішчы (1901—1907) у К. А. Савіцкага, А. Ф. Афанасьева(руск.) бел., Вышэйшым мастацкім вучылішчы пры Імператарскай Акадэміі мастацтваў (Санкт-Пецярбург, 1907—1915) у В. Я. Савінскага(руск.) бел., П. П. Чысцякова[4]. Браў удзел у рэвалюцыйных падзеях 1905 года ў Маскве[4].

З 1919 года жыў на Беларусі[4], з 1929 года ў Мінску. Выкладаў у Веліжскай народнай мастацкай школе і Педагагічным інстытуце (1919—1923), Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1923—1929), кіраваў мастацкай студыяй Саюза архітэктараў БССР (Мінск, 1933—1935), мастацкай студыяй юных талентаў пры Доме народнай творчасці (Мінск, 1935—1941).

Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы (1947—1949), Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1953—1964), з 1961 года — загадчык кафедры малюнка. Прафесар (1957)[4].

Бацька Анатоля Волкава і дзед Сяргея Волкава, таксама мастакоў.

Творчасць

Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, пісаў пейзажы, нацюрморты. Ствараў сюжэтна-тэматычныя карціны, прысвечаныя гісторыі Беларусі, грамадзянскай вайне ў Расіі, Вялікай Айчыннай вайне, сучаснасці. Творам Волкава ўласцівы рэалізм вобразаў, складанасць кампазіцыйных пабудоў, у якіх адчуваецца ўплыў традыцый акадэмічнай школы, стрыманая каляровая гама, дакладнасць дэталяў. У партрэтным жанры працягваў традыцыі псіхалагічнага партрэта рускага рэалістычнага мастацтва 2-й паловы XIX ст. Імкнуўся да глыбокага пранікнення ў характар людзей, адлюстравання іх грамадзянскай значнасці.

У 1918 годзе ў Петраградзе ён займаўся убраннем горада да 1-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі (эскізы пано «Уся ўлада Саветам», «Штурм Зімняга»), эскізы да гэтага свята цяпер захоўваюцца ў Дзяржаўным Рускім музеі. Адзін з першых беларускіх жывапісцаў стварыў вобраз У. І. Леніна («Партрэт У. І Леніна», 1926)[4]. У 1926 годзе браў удзел у конкурсе па стварэнні герба БССР і перамог у ім.

У 1920-1930-я гады стварыў шэраг манументальных твораў-пано: «Індустрыялізацыя», «Калектывізацыя» (абодва ў 1930) для мытні на станцыі Негарэлае, дэкаратыўны фрыз «Кастрычнік на Беларусі» для павільёна БССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве (1939)[4]. Таксама быў аўтарам выявы герба БССР узору 1938 года[4].

Ілюстраваў і аформіў шэраг кніг для Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1928—1941).

Сярод работ «Кастусь Каліноўскі» (1923), «Барыкады» (1923), «Малатабоец» (1926), «Партызаны» (1928), «Студэнты» (1947) і інш. Сярод лепшых твораў: партрэты М. Багдановіча (1927), мастака М. Гусева (1950), М. Горкага (1951), партрэты дзеячаў тэатра імя Я. Купалы, партрэт хірурга Ю. Лося, «Трактарыстка» (1956), партрэт хірурга Р. Р. Чарковай (1960) і інш.[4]. Шырокую вядомасць мела велізарная кампазіцыя «Мінск 3-га ліпеня 1944 года».

Браў удзел у выстаўках з 1903 года. Сябра «Общества независимых» (Санкт-Пецярбург, 1911—1913), камітэта «Художественно-артистической ассоциации» (Санкт-Пецярбург, 1912), «Общины художников(руск.) бел.» (Санкт-Пецярбург, 1914—1920), Віцебскага філіяла Усебеларускай асацыяцыі мастакоў (1927—1929). Сябра Саюза савецкіх мастакоў БССР (з 1940).

Спадчына В. В. Волкава мае значную каштоўнасць — партрэты, пейзажы, эскізныя малюнкі карцін, дзе ён поруч з глыбокім псіхалагічным вобразам прадэманстраваў дасканалае валоданне пластычнай формай, тонкі густ у выкарыстанні фактурных магчымасцей алоўкавага штрыха.

Галерэя

Зноскі

  1. Волков Валентин Викторович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
  2. Волков Валентин Викторович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 25 лютага 2017.
  3. http://bdamlm.by/gallery/alyaksandra-paslyadovich
  4. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Волков Валентин Викторович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 121. — 737 с.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (26):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Імператарскай Акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Народныя мастакі Беларускай ССР
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ліпецкай вобласці
Катэгорыя·Памерлі ў 1964 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Пензенскага мастацкага вучылішча
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ялецкім павеце
Катэгорыя·Мастакі СССР
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся 19 красавіка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1881 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Памерлі 8 лістапада
Катэгорыя·Выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Мастакі-ілюстратары Беларусі
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
Катэгорыя·Члены Саюза мастакоў Беларусі
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Мастакі-ілюстратары СССР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Выкладчыкі Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава
Катэгорыя·Выкладчыкі Віцебскага Народнага мастацкага вучылішча