Аўтарытарызм (ад лац.: auctoritas — улада, уплыў) — палітычны рэжым, пры якім носьбіт улады (напрыклад, дыктатар) сам абвяшчае пра сваё права на ўладу. Падставай для існавання такой улады з’яўляецца выключна меркаванне на гэты конт носьбіта гэтай улады.
Аўтарытарызм, як форма палітычнай улады часта спалучаецца з аўтакратыяй і дыктатурай, хоць гэта не абавязкова. Напрыклад, любая рэвалюцыя, у тым ліку дэмакратычная, будзе праявай аўтарытарызму (з прычыны таго, што рэвалюцыя адбываецца тады, калі прававая сістэма не можа зладзіцца з сітуацыяй, а іншай прававой сістэмы пакуль не існуе; рэвалюцыя цалкам ламае існую прававую сістэму і, знаходзячыся такім чынам у прававым вакууме, аўтарытарна аб’яўляе сябе носьбітам улады).
Тэрмін «аўтарытарызм» быў уведзены ў навуковы абарот тэарэтыкамі Франкфурцкай школы і азначаў пэўны набор сацыяльных характарыстак, уласцівых як палітычнай культуры, так і масавай свядомасці ў цэлым.
Аўтарытарызм — гэта, па-першае, сацыяльна-палітычная сістэма, заснаваная на падначаленні дзяржаве ці яе лідарам. Па-другое — сацыяльная ўстаноўка ці рысы асобы, якая характарызуецца ўпэўненасцю ў тым, што ў грамадстве павінна існаваць строгая і безумоўная адданасць правадыру, беспярэчнае падначаленне людзей аўтарытэтам і ўладам.
Палітычны рэжым, які адпавядае прынцыпам аўтарытарнасці, азначае адсутнасць сапраўднай дэмакратыі, як ў пытаннях свабоднага правядзення выбараў, так і ў пытаннях кіравання дзяржаўнымі структурамі. Часта спалучаецца з дыктатурай адной асобы, якая праяўляецца ў той ці іншай ступені.
Адна з самых удалых тыпалогій аўтарытарных рэжымаў належыць нямецкаму палітолагу Дзірку Берг-Шлосеру. Ён вылучаў наступныя разнавіднасці аўтарытарызму:
Таксама варта вылучыць як разнавіднасць аўтарытарызму тэакратычныя рэжымы, калі палітычная ўлада сканцэнтравана ў руках духоўных асоб.