У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Брыль.
Антон Францішак Брыль (нар. 18 жніўня 1982, Мінск) — беларускі перакладчык і паэт.
Сын Андрэя Брыля, унук Янкі Брыля[1]. Скончыў матэматычны клас Ліцэя БДУ (1999), факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ (2004) па спецыяльнасці «матэматык-праграміст». Атрымаў ступень PhD ў Трэнцкім універсітэце (2008) па спецыяльнасці machine learning. Працаваў на факультэце інфарматыкі Дублінскага гарадскога ўніверсітэта[2]. Жыў у Дубліне, Цюрыху, Лондане.
Зборнік вершаў і малых паэм А. Ф. Брыля, напісаных у 2003—2011 гадах, «Не ўпаў жолуд» выйшаў у 2011 годзе[1], казачная аповесць «Ян Ялмужна» выйшла асобным выданнем у 2014 годзе.
Аўтар першага перакладу на беларускую гімна Кэдмана, найранейшага помніка стараангліскай паэзіі. Пераклаў стараанглійскую паэму «Беавульф», урыўкі публікаваліся ў часопісах «Наша вера» і «Дзеяслоў», асобным выданнем, пад назвай «Бэўвульф», пераклад выйшаў у чэрвені 2013 года[3][4]. Таксама пераклаў на беларускую паасобныя творы А. Э. Адынца, Ч. Дыкенса, У. Б. Ейтса, Катула, Марцыяла, С. Кларк, Ф. Д. Князьніна, Ю. У. Нямцэвіча, Д. Толкіна і інш.
Выявіў у бібліятэцы АН Літвы і падрыхтаваў да друку санеты Б. Янкоўскага[5].