У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кулік.
Яўген Кулік (31 кастрычніка 1937 — 12 студзеня 2002) — беларускі мастак пасляваеннага перыяда, аўтар эталона гербу «Пагоня» ў якасці дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у 1991—1995 гг.[1]
Нарадзіўся ў Менску. Пасля вайны скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а пасля Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Ад 1963 ён браў удзел у мастацкіх выставах. Майстэрня Куліка, што знаходзілася ў Мінску насупраць будынка КДБ, стала ў 1960-ыя гады нацыянальным асяродкамі сталіцы і атрымала назву «На паддашку».
У станковых творах распрацоўвае тэмы гісторыі і культурнай спадчыны беларускага народа: серыі «Помнікі дойлідства Гродзеншчыны» (1974 г.), «Славутыя дзеячы гісторыі і культуры Беларусі» (з 1993 г.), малюнкаў рэканструкцый «Замкі Беларусі», лісты «Кірмаш на Беларусі ў XVIII ст.» (усе 1977 г.), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле рамана У. Караткевіча (1978 г.), «На куццю» паводле паэмы Я.Купалы (1982 г.), «Памяці Алены Кіш» (1983 г.), «Паўстанне 1863 г. на Беларусі» (1988 г.), трыпціх «Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Лазар Богша» (1996 г.).
У 1970-80-ыя гады займаўся кніжнай графікай, аформіў дзясяткі кніжак, і найлепшымі з іх былі: «Слова аб палку Ігаравым», «Ад гоману бароў» Александровіча, «Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык» Багдановіча, «Сонечны клубочак» Зуёнка. Але сапраўдным шэдэўрам Яўгена Куліка стала кніга «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Завершанасцю кампазіцый, сінтэзам выяўленчых сродкаў вылучаюцца ілюстрацыі да кніг А. Вольскага і інш.
Вельмі вядомы яго графічныя серыі «Помнікі дойлідства Гродзеншчыны», «Замкі Беларусі», «Паўстанне 1863 г. у Беларусі».
У 1991 гадзе стаў адным з аўтараў мадэрнізаванага варыянту герба «Пагоня».
Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску. У лістападзе 2005 года на могілках быў адкрыты помнік Куліку.[2]