У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сапега. Ян Фрыдэрык Сапега (18 кастрычніка 1680, в. Дабратычы Берасцейскага павета — 6 ліпеня 1751) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Вялікі канцлер літоўскі (з 1735).
Паходзіў з роду Сапегаў герба «Ліс», сын Казіміра Уладзіслава Сапегі і Францішкі з Копцяў.
Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Берасці, Любліне і Варшаве. У час Паўночнай вайны 1700—1721 спачатку быў на баку Аўгуста II, далучыўся да Сандамірскай канфедэрацыі, у 1706 перайшоў у лагер Станіслава Ляшчынскага, ад якога атрымаў пасаду рэферэндара літоўскага (1706—1709). Пасля вяртання на трон Аўгуста II амнісціраваны.
Кашталян менскі ў 1711—1712 (адмовіўся ад пасады), троцкі ў 1716—1735, вялікі канцлер літоўскі з 1735. Далучыўся да Тарнагродскай канфедэрацыі праціўнікаў караля. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала Літоўскага. Валодаў Коднем, Дарагастаямі, Муравіцай, Капыламі, Чарнобылем, быў старостам берасцейскім (з 1697) і прапойскім (з 1739). Кавалер ордэна Белага Арла з 1730 года.
Значную частку жыцця правёў у Кодні, дзе сабраў вялікую бібліятэку, якая станам на 1744 складалася з 3500 экзэмпляраў.
Напісаў гісторыю абраза Дзевы Марыі ў Кодні (Торунь, 1720), гістарычна-генеалагічны нарыс роду Сапегаў (Варшава, 1730) і інш. У Кодзенскім касцёле стварыў партрэтную галерэю Сапегаў[3].