У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Афанасьеў.
Якаў Мікітавіч Афана́сьеў (руск.: Яков Никитович Афанасьев; 21 кастрычніка 1877, Балашоў Саратаўскай вобласці, Расія — 20 снежня 1937, Мінск, НКУС) — глебазнавец. Акадэмік АН БССР (1928)[1].
У 1901 годзе скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт[1]. У 1902 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Выкладаў на Галіцынскіх жаночых курсах у Маскве. У 1907 і 1908 гадах прымаў удзел у I і II Усерасійскіх з’ездах глебазнаўцаў. З 1913 года член Глебазнаўчага камітэта Маскоўскага таварыства сельскай гаспадаркі[1]. З 1921 года прафесар, загадчык кафедры глебазнаўства Горацкага сельскагаспадарчага інстытута (з 1925 года — Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі)[1]. Акадэмік БелАН (1928)[1]. У 1931-1937 адах дырэктар Інстытута аграглебазнаўства БелАН[1]. Удзельнічаў у II Міжнародным кангрэсе глебазнаўцаў у Вашынгтоне (1927). Пражываў у кватэры № 78 Дома спецыялістаў па вул. Савецкай у Менску.
Арыштаваны 9 жніўня 1937 года ва ўласнай кватэры. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 19 снежня 1937 года прыгавораны да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці як «актыўны член антысавецкай тэрарыстычнай фашысцкай арганізацыі». Асабовая справа № 10618-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Расстраляны ў адну ноч з Іосіфам Валадзько, Васілём Дружчыцам, Аркадзіем Ляшчынскім, Маркам Матусевічам, Фёдарам Сулкоўскім, Іванам Суртам, Дорай Турбовіч і іншымі (усяго больш за 200 чалавек)
Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 18 ліпеня 1957 г.
Праводзіў даследаванні глеб. Аўтар прац па пытаннях павышэння ўраджайнасці ў розных глебавых раёнах Беларусі, барацьбе з залішняй вільготнасцю ў глебах[1]. Кіраваў складаннем першай карты глебаў Беларусі[1] і адной з першых глебазнаўчых карт свету. Апублікаваў больш за 30 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфіі[2].