wd wp Пошук:

Юрый Іванавіч Бандажэўскі

Юрый Іванавіч Бандажэўскі (нар. 9 студзеня 1957, г.п. Радунь, Воранаўскі раён, Гродзенская вобласцьБССР) — беларускі імунолаг, патолаг, буйны спецыяліст у галіне радыяцыйнай медыцыны, доктар медыцынскіх навук (1987), прафесар (1989), акадэмік Беларускай інжынернай акадэміі, член-карэспандэнт Беларускай акадэміі медыцынскіх навук, правадзейны член Нью-Ёркскай акадэміі навук, ганаровый акадэмік Польскай акадэміі медыцынскіх навук, ганаровы доктар Марсельскага ўніверсітэта. Рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта з дня яго заснавання 1 лістапада 1990 да 2001 года. Спецыялізуецца на вывучэнні ўплыву на арганізм чалавека невялікіх доз радыяцыі і наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Біяграфія

Прафесійная дзейнасць у Беларусі

Скончыў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (1980 г.) па спецыяльнасці паталагічная анатомія (Anatomical pathology).

Доктарскую дысертацыю абараніў у 1987 годзе. У тым жа годзе прызначаны дырэктарам Цэнтральнай лабараторыі навуковых даследаванняў. У 1990 годзе стаў першым рэктарам Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта.

Ва ўніверсітэце заснаваў катэдру паталогіі, стварыў пры інстытуце навукова-даследчы Цэнтр радыяцыйнай паталогіі, які вывучаў уплыў радыяцыйнага выпраменьваньня на здароўе людзей.[1]

Справа прафесара Бандажэўскага

13 ліпеня 1999 г прафесар Бандажэўскі быў арыштаваны па падазрэнні ў атрыманні хабараў агульнай сумай у 25 800 долараў ЗША. 4 жніўня 1999 г. яму было прад’яўленае абвінавачанне па арт. 169 ч. 3 ( атрыманне хабару, здейсненае службовай асобай). 

18 чэрвеня 2001 ваенная калегія Вярхоўнага суда прызнала яго вінаватым і прысудзіла да васьмі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці на суму 35.449.200 беларускіх рублёў, пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў.

На думку суда, у перыяд з 1997 па 1998 год Юрый Бандажэўскі ў змове з прарэктарам Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута па выхаваўчай працы Уладзімірам Раўковым і старэйшым выкладчыкам кафедры біялогіі Наталляй Фомчанка бралі хабар з бацькоў студэнтаў, забяспечваючы тым самым паспяховае паступленне ў інстытут іх дзецям. Аднак ні следствам, ні судом месцазнаходжанне гэтых грошай не было ўстаноўлена.

У сувязі з сусветнай вядомасцю прафесара Бандажэўскага як вучонага справа атрымалася гучнай і выклікала міжнародны рэзананс. На думку найбольш аўтарытэтных беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, справа Бандажэўскага была сфабрыкавана беларускімі ўладамі, бо вынікі яго навуковых даследаванняў істотна разыходзіліся з афіцыйнымі дадзенымі аб наступствах выбуху на ЧАЭС. Юрый Бандажэўскі выступаў катэгарычна супраць пашырэння выкарыстання забруджаных радыяцыяй земляў у сельскагаспадарчых мэтах.

Падчас папярэдняга зняволення Бандажэўскі быў пазбаўлены доступу да паслуг адваката, а сам працэс назіральнікі палічылі несправядлівым. Акрамя таго, суд будаваўся на паказаннях Уладзіміра Раўкова, які пасля ад іх адмовіўся і заяўляў, што даў іх пад уздзеяннем псіхатропных рэчываў, ужытых да яго 12 ліпеня 1999 г органам папярэдняга расследавання. Суд пасля разгляду дадзенай версіі, прызнаў яе не правамоцнай, без дадатковых каментарыяў.

Беларускі навуковец стаў 25-м чалавекам у свеце, якія атрымалі пашпарт свабоды, які дае права свабодна выбіраць месца жыхарства ў Еўропе. Пашпарт быў падпісаны дэпутатамі 15 краін Еўрасаюза.

Камітэт у абарону прафесара быў створаны ў Францыі. У лютым 2003 года ён абвешчаны ганаровым грамадзянінам Парыжа. Прэзідэнт Францыі Жак Шырак прасіў хадайнічаць за Бандажэўскага перад беларускім прэзідэнтам на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Пуціным.

Акрамя таго, справа прафесара Бандажэўскага стала адной з прычын адмовы дэпутатамі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў аднаўленні для Беларусі статусу спецыяльнага запрошанага. У прынятай ПАРЕ 27 верасня 2002 рэзалюцыі па Беларусі справа Бандажэўскага разглядаецца як рэпрэсіі супраць іншадуства.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Юрыя Бандажэўскага вязнем сумлення.[2] 

У кастрычніку 2003 года з-за праблем са здароўем і недаглядзе турэмных урачоў прафесар апынуўся ў рэанімацыі з гангрэнозна-флегмонозным апендыцытам, які мог прывесці да перытаніту. Экстраная аперацыя прайшла паспяхова і навуковец выжыў.

5 жніўня 2005 г., за 5 месяцаў да заканчэння тэрмiну пакарання, Бандажэўскі быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова без права пакідаць краіну на працягу 5 месяцаў. Ён правёў у зняволенні больш за шэсць гадоў, два гады былі скарочаныя па амністыі.

У эміграцыі

У красавіку 2006 г. пры пасрэдніцтве пасла Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Шмялеўскага пакінуў радзіму і пасяліўся ў Францыі. З 2006 па 2007 гады Бандажэўскі працаваў па гадавым кантракце па перадачы досведу па праблематыцы ўздзеяння радыяцыі на арганізм чалавека ў сувязі з чарнобыльскай катастрофай у Францыі, напісаў дзве кнігі. Паводле яго слоў, замежныя навукоўцы актыўна палемізуюць з яго даследаваннямі ў сваіх дысертацыях і на старонках навуковага часопіса «Кардыяльная таксікалогія». Па словах навукоўца, у яго тэорыі ў Еўропе ёсць як апаненты, якія не лічаць, што ўздзеянне радыяцыі гэтак сур’ёзна адбіваецца на здароўе людзей, так і прыхільнікі. У 2008 г. прафесар пражываў у Вільнюсе.

17 жніўня 2008 г. па ініцыятыве Бандажэўскага ў Еўрапарламенце адбылася канферэнцыя, па выніках якой была прынятая дэкларацыя аб постчарнобыльскай сітуацыі ў Беларусі. Дэкларацыя заклікае еўрапейскую супольнасць працягнуць аказанне дапамогі Беларусі ў рэабілітацыі найбольш пацярпелым рэгіёнам, а таксама надаць асаблівую ўвагу становішчу ліквідатараў катастрофы. У дакуменце вітаецца стварэнне ў Вільнюсе міжнароднага навукова-даследчага цэнтра «Экалогія і здароўе» з арганізацыяй міжнароднага сіндыката дапамогі ліквідатарам.

З 2009 года жыве і працуе ва Украіне, дзе ўзначальвае Каардынацыйны аналітычны цэнтр «Экалогія і здароўе». Кіраўнік міжнароднай арганізацыі дапамогі ліквідатарам аварыі на ЧАЭС і ахвярам ядзернага ўздзеяння[1]. У 2019 годзе прадставіў вынікі маніторынгу радыеактыўнасці і стану здароўя дзяцей з раёнаў Украіны, што прылягаюць да Чарнобыльскай зоны адчужэння[3].

Асабістае жыццё

Жанаты з 1978 года. Жонка — Галіна Бандажэўская, урач-кардыёлаг, кандыдат медыцынскіх навук.

Узнагароды

Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1990 г.), залаты медаль Альберта Швайцэра (1998 г.).

Працы

Навуковыя працы па этыялогіі і патагенезе ўнутрывантробнага развіцця, імуннай рэгуляцыі антагенезу, функцыянаванні арганізма ва ўмовах інкарпарацыі радыенуклідаў. Аўтар больш за 270 навуковых працаў. На падставе ўласнага досведу напісаў дапаможнік «Турма і здароўе», адрасаваны вязням, якія не збіраюцца здавацца ва ўмовах няволі.

Бібліяграфія

Зноскі

  1. 1 2 https://www.svaboda.org/a/24646507.html Юры Бандажэўскі: Біяграфічная даведка
  2. https://en.wikipedia.org/wiki/Category:Amnesty_International_prisoners_of_conscience_held_by_Belarus
  3. svaboda.org

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (21):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Нарадзіліся 9 студзеня
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення арганізацыяй Amnesty International у Беларусі
Катэгорыя·Медыкі Беларусі
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1957 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Дактары медыцынскіх навук
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Рэктары Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Выпускнікі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Радуні
Катэгорыя·Радыёлагі
Катэгорыя·Вязні сумлення
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Члены-карэспандэнты Беларускай акадэміі медыцынскіх навук
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»