Юзаф Беркман (4 жніўня 1838, Валожын Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер горад Мінскай вобл. — 19 ліпеня 1919, Варшава) — мастак, публіцыст.
Скончыў гімназію ў Вільні. Вывучаў медыцыну ў Маскве, вучыўся на матэматычна-прыродазнаўчым факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. Адначасова пачаў наведваць заняткі ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. За ўдзел у студэнцкай маніфестацыі ў кастрычніку 1861 арыштаваны; на працягу 3 месяцаў зняволены ў Петрапаўлаўскай і Кранштацкай крэпасцях. Пасля вызвалення выехаў у Вільню. Удзельнічаў у друкаванні і распаўсюджванні рэвалюцыйных адозваў. З верасня 1862 зноў працягваў вучобу ў Пецярбургу.
З пачаткам паўстання 1863-64 вярнуўся на Радзіму; ваяваў на Ашмяншчыне, у тым ліку ў атрадзе З. Мінейкі. 12.10.1863 у баі каля в. Рудзішкі паранены і трапіў у палон. Асуджаны на 4 гады катаргі, якую адбываў у Нерчынску на сярэбраных капальнях. За спробу ўцячы тэрмін катаргі быў падоўжаны на 4 гады.
Пасля вызвалення ў 1870 жыў у Іркуцку, дзе меў жывапісную майстэрню (сёння большасць яго твораў захоўваецца ў Іркуцкім мастацкім музеі). З 1877 жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1880 у Лібаве (Ліепая, Латвія). У 1884 пераехаў у Варшаву, дзе жыў да канца жыцця. Асноўныя тэмы жывапісных работ — сцэны паўстання і жыцця ссыльных паўстанцаў («Труна Серакоўскага», «Смерць Нарбута» і інш.). Аўтар «Успамінаў пра паўстанне 1863 ў Ашмянскім павеце і пра побыт у Сібіры» (рукапіс быў у сям’і).