Юзаф Адрыян Масальскі (каля 1726 — 6 чэрвеня 1765, Варшава) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
Староста гарадзенскі (з 1748), бержніцкі, лаздзейскі (з 1756), прапойскі, вісліцкі, падскарбі надворны ВКЛ з 1754; падпалкоўнік пяцігорскі, генерал-маёр (1754).
Пасол на соймы 1744, 1750, 1752 (яго маршалак), 1756, 1758, 1760, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1748 (яго маршалак).
Кавалер ордэна Белага Арла (1761). Належаў да групоўкі Чартарыйскіх.
Лічыўся здольным палітыкам, які імкнуўся да рэфарміравання дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, але заўчасная смерць перарвала яго кар’еру.
Быў сынам вялікага літоўскага гетмана Міхала Юзафа Масальскага і Францішкі Агінскай, дачкі троцкага кашталяна Мікалая Францішка Агінскага. Меў братоў Ігнацыя Якуба, Яна Мікалая і Казіміра Адрыяна.
Ажаніўся ў 1745 з князёўнай Антанінай Радзівіл (1730 — 1764), дачкой крайчага ВКЛ Марціна Мікалая Радзівіла.
Пакінуў сына Ксаверыя (каля 1760 — 1787) і дачку Алену Апалонію (1763 — 1815), жонку князя дэ Лінье (de Ligne), а потым Вінцэнта Патоцкага.