wd wp Пошук:

Эрнест Уільям Браўн

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Браўн.

Эрнест Уільям Браўн (англ.: Ernest William Brown, 29 лістапада 1866 - 22 ліпеня 1938) - брытанскі матэматык і астраном, на працягу большай часткі кар’еры працаваў у ЗША.

Працай яго жыцця стала тэорыя руху Месяца і падборка вельмі дакладных месяцавых табліц. Таксама вывучаў рух планет і вылічыў арбіты астэроідаў-траянцаў.

Член Лонданскага каралеўскага таварыства.[8]

Біяграфія

Адукацыя

Эрнест Браўн нарадзіўся ў Кінгстан-апон-Хале, Англія, быў адзіным сынам Уільяма і Эмы Браўн (у дзявоцтве Марцін). Адукацыю атрымаў у родным горадзе і ў Іст Райдзін Каледжы (англ.: East Riding College). Пасля заканчэння школы ён паступіў у Каледж Хрыста (англ.: Christ’s College), адзін з каледжаў ў раёне Кембрыджа, які ён скончыў з чырвоным дыпломам па спецыяльнасці «матэматыка» ў 1887 годзе.[9] Ён працягнуў навучанне ў Кембрыджы і працаваў пад кіраўніцтвам Джорджа Говарда Дарвіна. Улетку 1888 года Дарвін прапанаваў Браўну разабраць паперы Джорджа Уільяма Хіла (англ.: George William Hill) датычна тэорыі руху Месяца. Як аказалася, ідэя аб падобным кірунку даследаванняў мела велізарны ўплыў на далейшае жыццё Браўна.

Браўн атрымаў ступень магістра ў 1891 годзе. Затым ён пакінуў Англію і заняў месца выкладчыка матэматыкі Хавервардскага Каледжа ў штаце Пенсільванія. Хутка дасягнуў пазіцыі прафесара матэматыкі ў 1893 годзе.

Праца над тэорыяй руху Месяца

Браўн у пачатку працаваў над месяцавай тэорыяй, вывучаючы працы больш ранніх даследчыкаў (такіх як Хіл, Делонэ (Delaunay) і Ганзен). Яго шырокія веды ў гэтай галіне прадэманстраваны ў публікацыі першай з яго буйных прац «Уступнае навучанне месяцавай тэорыі» (англ.: An Introductory Treatise on the Lunar Theory) у 1896 годзе, калі яму было менш за 30 гадоў. Па меры таго як праца Браўна прасоўвалася, ён стаў планаваць стварэнне цалкам новай месяцавай тэорыі. Гэтыя яго працы былі апублікаваныя ў мемуарах Каралеўскага астранамічнага таварыства ў 1897-1908 гадах.

У 1907 годзе Браўн прызначаны прафесарам матэматыкі Ельскага ўніверсітэта. Ён пагадзіўся з Елем аб фінансаванні шырокай задачы вылічэння падрабязных табліц руху Месяца на аснове яго месячнай тэорыі. Патраціўшы 12 гадоў і больш за $ 34,000, Браўн апублікаваў сваю галоўную навуковую працу “Табліцы руху Месяца” (англ.: Tables of the Motion of the Moon) у 1919 годзе.

Разыходжанне тэорыі з назіраннямі

Мэтай Браўна было зрабіць дакладныя эфемерыды Месяца, пры дапамозе толькі тэорыі гравітацыі. Для «асноўнай задачы» - абароту сістэмы Зямля-Месяц-Сонца, ён вылічыў экліптычныя даўгаты і шыраты з хібнасцю 0.001 секунды дугі. Ён таксама ўлічыў турбацыі ад планет (у асаблівасці Юпітэра і Венеры). Яшчэ ён вырашаў больш складаную праблему - ўплыў несферычнасці Зямлі і Месяца.

Назіранні паказалі, што табліцы Браўна сапраўды пераўзыходзілі табліцы Ганзена, якія выкарыстоўваліся з 1857 года. Але ўсё яшчэ прысутнічала нявытлумачаная флуктуацыя па даўгаце каля 10 секунды дугі. «Вялікі эмпірычны член» амплітудай 10.71 секунды дугі і перыядам 257 гадоў быў дададзены для ліквідацыі разыходжання з назіраннямі, наколькі было магчыма. Калі ўлічваць дакладнасць і скрупулёзнасць работ Браўна, то неабходнасць увядзення названай дадатковай папраўкі выклікала здзіўленне.

Яшчэ Э. Галеем двума стагоддзямі раней была заўважана, што рух Месяца з’яўляецца паступова паскараючымся. Дадзенае паскарэнне не можа быць растлумачана толькі гравітацыйнай тэорыяй, і С. Ньюкамб выказаў здагадку, што гэта адбываецца з-за паступовага запаволення кручэння Зямлі ад прыліўнога трэння. Іншымі словамі, гэта не Месяц паскараецца, а кручэнне Зямлі запавольвацца (па ім у той час рабіліся вымярэнні часу).

Браўн прысвяціў шмат сіл вывучэнню гэтай праблемы і прыйшоў да высновы, што не толькі кручэнне Зямлі запавольваецца, але яшчэ маюць месца выпадковыя непрадказальныя флуктуацыя. Да сярэдзіны 20 стагоддзя ўсё пацвердзілася, і астраномы сталі адрозніваць сусветны час, які заснаваны на кручэнні Зямлі і зямны час (раней эфемерыдны час), які з’яўляўся ідэалізаваным раўнамерным часам. Розніца паміж гэтымі двума часамі адлюстроўвала запаволенне кручэння Зямлі і вядома як ΔT.

Іншыя даследаванні

Браўн захаваў званне прафесара ў Ельскім універсітэце да выхаду на пенсію ў 1932 годзе. Ён таксама цікавіўся рухам планет вакол Сонца. Сумесна з К. Шукам напісаў кнігу «Планетарная тэорыя». У кнізе апроч іншага змяшчалася дэталёвае апісанне рэзанансаў планетарных арбіт і вывучаўся прыватны выпадак астэроідаў-траянцаў (астэроіды на арбіце Юпітэра, у кропцы Лагранжа).

Асабістае жыццё

Браўн ніколі не быў жанаты. Большую частку свайго дарослага жыцця ён пражыў са сваёй малодшай, незамужняй сястрой, Мілдрэд, якая дапамагала яму па гаспадарцы. Ён быў здольным піяністам і аматарам музыкі, гэтак жа выдатна гуляў у шахматы. Ён любіў турызм і дэтэктыўныя гісторыі.

Быў заўзятым курцом, пакутаваў ад хвароб бронх большую частку свайго жыцця. Ён быў сур’ёзна хворы ў апошнія 6 гадоў, што знаходзіўся на пенсіі.

Памёр у Нью Хэвен, штат Канектыкут ў 1938 годзе.

Спадчына

Да 1923 года табліцы Браўна былі прыняты практычна па ўсім свеце для вылічэнні эфемерыд Месяца. Яны працягваліся выкарыстоўвацца з некаторымі зменамі да 1983 года.

З развіццём камп’ютарнай тэхнікі табуліраванныя значэнні ў выказваннях Браўна сталі замяняцца непасрэдным вылічэннем. Гэта дадало дакладнасці, так як табліцы ўключалі невялікія набліжэнні як кампраміс паміж дакладнасцю і колькасцю ручных вылічэнняў.[10] Да сярэдзіны стагоддзя, розніца паміж сусветным і эфемерыдным часам была знойдзена і вымерана, а эмпірычныя тэрміны былі выдалены.[10]

Далейшыя ўдакладненні тэорыі рабіліся на аснове палепшаных дадзеных назіранняў (у тым ліку з выкарыстаннем месяцавых лазерных адбівальнікаў) з наступным удакладненнем значэнняў каэфіцыентаў, якія выкарыстоўваюцца ў тэорыі.[11]

Узнагароды

Акрамя таго, у гонар Браўна названы кратар на Месяцы і астэроід 1643.

Бібліяграфія

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 MacTutor History of Mathematics archive Праверана 22 жніўня 2017.
  3. Ernest William Brown // Annuaire prosopographique : la France savante Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Find a Grave — 1995.
  5. 1 2 MacTutor History of Mathematics archive
  6. Матэматычная генеалогія — 1997.
  7. 1 2 NNDB — 2002.
  8. Darwin, C. G. (1940). “Ernest William Brown. 1866-1938”. Obituary Notices of Fellows of the Royal Society 3 (8): 18–66. doi:10.1098/rsbm.1940.0003(недаступная спасылка)
  9. Venn, J.; Venn, J. A., eds. (1922–1958). “Brown, Ernest William” Архівавана 12 чэрвеня 2012.Alumni Cantabrigienses (10 vols) (online ed.). Cambridge University Press.
  10. 1 2 United States Naval Observatory (1954). Wallace J. Eckert. ed. Improved Lunar Ephemeris: 1952 - 1959. US Government Printing Office.
  11. P. Kenneth Seidelmann (1992). Explanatory Supplement to the Astronomical Almanac. Mill Valley, California: University Science Books. p. 317. ISBN 0-935702-68-7. http://books.google.com/?id=uJ4JhGJANb4C&pg=PA317.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (24):
Катэгорыя·Памерлі 22 ліпеня
Катэгорыя·Пахаваныя ў Канектыкуце
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1866 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Кінгстан-апан-Хале
Катэгорыя·Члены Амерыканскага філасофскага таварыства
Катэгорыя·Выпускнікі Кембрыджскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Члены Лонданскага каралеўскага таварыства
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 29 лістапада
Катэгорыя·Астраномы ЗША
Катэгорыя·Члены Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук
Катэгорыя·Астраномы XX стагоддзя
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём Кэтрын Брус
Катэгорыя·Памерлі ў 1938 годзе
Катэгорыя·Памерлі 23 ліпеня
Катэгорыя·Астраномы Вялікабрытаніі
Катэгорыя·Астраномы XIX стагоддзя
Катэгорыя·Выкладчыкі Ельскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Памерлі ў Канектыкуце
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Члены і члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук ЗША