Эдуард Мікалаевіч Гарачы (нар. 19 кастрычніка 1936, Мінск[1]) — савецкі і беларускі акцёр тэатру і кіно. Заслужаны артыст Беларусі (1995). Палітычны вязень у 1960-я гады.
З 1941 да 1945 гг. з маці ў бежанстве ў Яраслаўлі. У траўні 1945 г. вярнуўся на радзіму. У 1954 г. скончыў 26-ю чыгуначную СШ у Мінску.
У 1958 г. скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача.
Арыштаваны 25 студзеня 1962 г. у будынку тэатра. Крымінальная справа Гарачага была звязана са справай Кіма Хадзеева. Паводле дадзеных следства, з 1957 г. чытаў і распаўсюджваў сярод сяброў атрыманыя з Масквы рукапісныя зборнікі і анекдоты: пародыю на гімн СССР, прозу Паўла Уліціна («Табу», «Анты-Асаркан»). Асуджаны 6 чэрвеня 1962 г. за «антысавецкую агітацыю» да 2 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У судзе заявіў, «што быў незадаволены савецкай уладай, меркаваў, што сацыялізм будуецца на прыгнёце асобы, што савецкая прамысловасць пабудавана на прыгнёце сялян»[2].
Этапаваны ў Дубраўлаг (былы Цемнікаўскі) Мардоўскай АССР (ст. Поцьма), у лагерны пункт Яваш (п/с 385—7). Вызвалены 25 студзеня 1964 г.[1]. Вярнуўся на радзіму. Рэабілітаваны Пленумам Вярхоўнага суда Беларускай ССР 9 снежня 1983 г.
З красавіка 1964 да жніўня 1965 гг. працаваў у Магілёўскім абласным драматычным тэатры. З восені 1965 педагог Народнага тэатра Палаца культуры Мінскага трактарнага завода. З 1966 г. працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага. У 1995 г. прысвоена званне Заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь.
Эдуард Гарачы выведзены пад уласным імем у рамане Уладзіміра Някляева «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2012).