wd wp Пошук:

Шчучынскі палац

Палац князёў Друцкіх-Любецкіх — помнік архітэктуры неакласіцызму ў Шчучыне. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння[1]. Палац знаходзіцца ў паўночнай частцы горада, на месцы былога панскага маёнтка, тэрыторыя якога пасля Вялікай Айчыннай вайны была аддадзена пад ваенны гарадок і даволі шчыльна забудавана[1].

Гісторыя

Першы палац пабудаваны ў 2-й палове XVIII стагоддзя паводле праекта архітэктара дэ Фленерса на паўночнай ускраіне Шчучына, у парку рэгулярнай планіроўкі (садавод С. Юндзіл). Належаў падскарбію літоўскаму Шчуку, з пачатку XIX стагоддзя быў уладаннем князёў Друцкіх-Любецкіх[2].

Палац спраектаваны ў 18921895 гадах па замове князя Уладзіслава Друцкага-Любецкага(польск.) бел. (1864—1913) віленскім архітэктарам Тадэвушам Раствароўскім (1860—1928) і быў мала звязаны з папярэднім палацава-паркавым комплексам XVIII стагоддзя. З-за хваробы князя будаўніцтва ішло вельмі марудна. Пасля яго смерці ў 1913 годзе сям’я была не гатова працягваць будаўніцтва і аддзелку інтэр’ераў. Напрыклад, да пачатку Першай сусветнай вайны так і не былі зроблены балконныя агароджы. Падчас вайны палац у Шчучыне амаль не пацярпеў[1].

Каля 1921 года з вайсковай службы ў палац вяртаецца апошні ўладальнік Шчучына князь Ян Уладзіслававіч Друцкі-Любецкі (1898—1990), аднак у пасляваеннай разрусе 19211925 гадоў будаўніцтва і аздабленне не было зроблена[1].

У будынку ў савецкі час размяшчалася адміністрацыйная ўстанова. Помнік знаходзіўся ў адносна здавальняючым стане, захаванне яго фасадных дэталей давала магчымасць у адносна кароткі час яго аднавіць[2]. У пачатку ХХІ ст. вяліся рэстаўрацыйныя работы, і ў верасні 2015 г. палац, абсталяваны пад цэнтр дзіцячай творчасці і краязнаўчы музей, быў адчынены для наведвальнікаў[3].

Архітэктура

Палац у Шчучыне, 1939

Палац уяўляе сабой мураваную двухпавярховую рэзідэнцыю ў стылі пецярбургскага неакласіцызму канца XIX стагоддзя, з асобнымі элементамі эклектызму.

Двухпавярховы мураваны палац стаіць на высокім цокалі. Прамавугольны ў плане будынак мае сіметрычную кампазіцыю[2]. З агульнага аб’ёму лёгка вычляняюцца з боку галоўнага фасада тры ўзаемазвязаныя аб’ёмы[1]. Цэнтральны аб’ём, адсунуты злёгку ўнутр, утвараючы такім чынам мансарду, вырашаную ў выглядзе лоджыі з дзвюма іанічнымі калонамі, па баках — двухпавярховыя аб’ёмы, раскрапаваныя пілястрамі. Дах плоскі, накрыты бляхай[1]. Фасады па перыметры завершаныя развітым карнізам, які ўпрыгожвала моцна прафіляваная ляпніна, і парапетам з атыкам у цэнтры. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены сандрыкамі, да ўваходу вядзе шырокая лесвіца[2].

Планіроўка палаца калідорная, мае нерэгулярны характар. Жылыя памяшканні ў асноўным групаваліся ўздоўж галоўнага фасада і двух бакавых, а з паркавага фасада размяшчаліся парадныя памяшканні[1].

Інтэр’ер

Інтэр’ер аздоблены ў класіцыстычнай манеры[2]. Мэбля належала да ранніх стыляў. Сцены ўпрыгожвалі партрэты і іншы жывапіс, з скульптуры — мармуровая Леда невядомага аўтара. Амаль усю правую частку паркавага фасада займала на першым паверсе доўгая сталовая, дзе сцены былі ўпрыгожаны партрэтамі польскіх каралёў, а ў сервантах захоўвалася фамільнае срэбра і французскі фарфор. Жылыя пакоі мелі больш сучасную мэблю. Унутранае ўбранне, мэбля, вялікая частка маёмасці былі вывезены ў кастрычніку 1939 г[1].

Будаўніцтва ваеннага гарадка пасля Другой сусветнай вайны на тэрыторыі маёнтка і палацава-паркавага комплексу, а перш за ўсё прыбудова да палаца значна змянілі архітэктурна-планіровачны ансамбль і непасрэдна сам палац[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. 1 2 3 4 5 Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
  3. Рубінчык, Вольф. Шчучынская каша (belisrael.info, 29.09.2015)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з польскай
Катэгорыя·Друцкія-Любецкія
Катэгорыя·Славутасці Шчучына
Катэгорыя·Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Палацы Беларусі