wd wp Пошук:

Чыкаса

Чыкаса (саманазва: Chikashsha) — індзейскі народ у ЗША. У нашы дні жывуць пераважна ў штатах Аклахома і Паўднёвая Караліна. Агульная колькасць (2010 г.) — 27 973 чалавек[1].

Паходжанне

У XVIII — першай траціне XIX стст. чыкаса насялялі землі на захадзе сучасных штатаў Кентукі і Тэнесі, а таксама на поўначы штатаў Місісіпі і Алабама. Яны размаўляюць на адной з моў сям’і маскогі, блізкай да мовы чакта. Згодна паданням чыкаса, іх продкі і продкі чакта мелі адзінае паходжанне, прыйшлі з земляў на захад ад ракі Місісіпі і разлучыліся ўжо на ўсходзе ад яе[2]. Ад імя правадыра Чыкса паходзіць назва народа.

Мяркуецца, што прарадзімай магла быць даліна ракі Тамбігбі[3]. Перасяленне адбылося да кантактаў з еўрапейцамі, бо ў 1540 г. экспедыцыя Эрнанда дэ Сота сутыкнулася з чыкаса ў раёне сучаснага горада Тупела[4]. З 1670-х гг. назва чыкаса фіксуецца на поўнач ад месцаў рассялення чакта.

Гісторыя

Чыкаса ўпершыню ўзгадваюцца ў апісанні экспедыцыі іспанскіх канкістадораў на чале Эрнанда дэ Сота ў 1540 г. Пасля заснавання англійскай калоніі ў Караліне ў 1670 г. чыкаса ўсталявалі з ёю кантакты, частка насельніцтва перасялілася бліжэй да англійскіх паселішчаў. У 1702 г. французскія гандляры ацэньвалі агульную колькасць гэтага народа ў 10 тысяч чалавек, у тым ліку каля 2 тысяч дарослых мужчын-воінаў. Аднак да 1761 г. колькасць воінаў знізілася да 400[5]. Гэта тлумачыцца ваеннымі дзеяннямі, якія чыкаса вялі супраць чакта і іншых французскіх саюзнікаў.

У 1786 г. чыкаса заключылі саюзны дагавор з ЗША[6] і ў далейшым падтрымлівалі амерыканцаў у войнах супраць іншых індзейскіх плямён на паўночным захадзе і паўднёвым усходзе[7][8]. У першай трэці XIX ст. значная ўлада апынулася ў руках братоў Кольберт, нашчадкаў шатландскага гандляра і жанчын-чыкаса. Яны служылі ў амерыканскай арміі і пасля атрымання пасад правадыроў актыўна супрацоўнічалі з уладамі ЗША. У 1816 г. і 1818 г. яны выступілі за перадачу часткі тэрыторый белым пасяленцам. Дагаворы прадугледжвалі кампенсацыю правадырам у памеры 100 — 150 долараў, але братам Кольбертам перадалі па 1000 долараў, іншыя грашовыя выплаты і зямельныя гарантыі. Пад уплывам амерыканцаў чыкаса былі ўцягнуты ў рынкавую эканоміку, стваралі камерцыйныя плантацыі, дзе выкарыстоўвалі працу неграў-рабоў. Так, у 1837 г. у іх было 1 156 рабоў[9].

Хаця ў ЗША чыкаса разглядаліся як адно з пяці «цывілізаваных плямён», якія згодна праграме Б. Хокінгса маглі быць «акультураваны», у 1820-х гг. амерыканская палітыка ў дачыненні гэтага народа змянілася. Правадырам прапаноўвалася перадаць за кампенсацыю ўсе карэнныя трыторыі і перасяліцца ў Аклахому. Падчас перагавораў 1826 г. і 1827 г. чыкаса адказалі адмовай. У 1828 г. Леві Кольберт, што займаў пасаду вярхоўнага правадыра, даследваў прапанаваныя для перасялення землі і знайшоў іх непрыдатнымі. Але ў 1830 г. пасля новай экспедыцыі ён змяніў сваё меркаванне і выступіў за падпісанне адпаведнага дагавора[10]. 2027 жніўня 1830 г. правадыры чыкаса сустрэліся з прэзідэнтам Э. Джэксанам і пасля складаных перамоў пагадзіліся падпісаць пагадненне аб перасяленні на захад[11]. Гэты дагавор так і не быў ратыфікаваны кангрэсам, таму перамовы працягваліся ў 1832 г., 1834 г. і ў 1835 г. Між тым, землі, знойдзеныя Леві Кольбертам, былі заняты чакта, якія адмаўлялі прадаваць іх і прапаноўвалі чыкаса стаць суб’ектам іх палітычнай канфедэрацыі. У 1837 г. пад пагрозай ужывання арміі амерыканцы прымусілі чыкаса пачаць перасяленне. Яно адбывалася за сродкі, атрыманыя з кампенсацыі. 530 тысяч долараў чыкаса перадалі чакта[12]. У выніку на новым месцы яны апынуліся ў гаротным стане і былі вымушаны звяртацца за дапамогай да ўрада ЗША. Група чыкаса чалаклава не ўдзельнічала ў перамовах, а таму засталася на сваіх землях у Паўднёвай Караліне. Іх нашчадкі з’яўляюцца грамадзянамі ЗША і прызнаны як племянная супольнасць з боку штата Паўднёвая Караліна.

Чыкаса, пераселеныя ў Аклахому, спярша ўваходзілі ў канфедэрацыю чакта. 22 чэрвеня 1855 г. два народы падпісалі дагавор, згодна якому племянныя тэрыторыі чыкаса вылучаліся ў асобнае дзяржаўнае фарміраванне. 30 жніўня 1856 г. была прынята Канстытуцыя нацыі чыкаса[13], што рэгламентавала падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, дзяржаўную школьную адукацыю і захаванне рабства. Замест спрэчнай постаці вярхоўнага правадыра ўводзілася пасада губернатара. Ён узначальваў выканаўчую ўладу. Першым губернатарам стаў правадыр Сайрус Харыс[14], занепакоены ўмяшвальніцтвам амерыканцаў ва ўнутраныя справы індзейцаў. Падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША, урад чыкаса падтрымаў Канфедэратыўныя Штаты. Пасля іх паражэння ў 1866 г.[15] быў вымушаны падпісаць мірны дагавор з ЗША, які прадугледжваў вызваленне рабоў, наданне ім статуса паўнапраўных грамадзян. Паколькі чыкаса не выканалі ўмову аб наданні былым рабам грамадзянства, ЗША пакаралі іх анексіяй часткі тэрыторый.

У 1907 г. са стварэннем штата Аклахома аўтаномная дзяржава чыкаса перастала існаваць. Аднак у 1970 г. кангрэс ЗША ўзнавіў дазвол на выбранне самастойных органаў улады. У нашы дні ўрад нацыі чыкаса месціцца ў горадзе Ада, дзейнічае Канстытуцыя, прынятая ў 1990 г.[16]

Асаблівасці культуры

З часоў існнавання місісіпскай культуры найважнейшым гаспадарчым заняткам чыкаса было земляробства. Асноўную працу на зямлі выконвалі жанчыны, таму зямля пераходзіла ў спадчыну па жаночай лініі, адлік сваяцтва вёўся пераважна па жаночай лініі. У XVII ст. саюз з англічанамі дазволіў атрымоўваць і выкарыстоўваць агнястрэльную зброю супраць суседніх плямён. У 17201725 гг. і 17331743 гг. чыкаса вялі войны супраць французскіх каланістаў і іх саюзнікаў. Еўрапейцы разглядалі іх як найбольш ваяўнічы народ у рэгіёне Місісіпі[17]. Сталыя ваенныя дзеянні садзейнічалі ўмацаванню вайсковай культуры сярод мужчын і ўсталяванню ўлады ваенных правадыроў.

Да XIX ст. чыкаса не мелі агульнага кіравання. Асноўнымі палітычнымі і гаспадарчымі адзінкамі былі паселішчы да 200 жыхароў. Іх будавалі на ўзвышшах каля рэк, умацоўвалі драўлянымі частаколамі. Паселішчы складаліся з самастойных гаспадарак. Кожная з іх уключала некалькі драўляных будынкаў для жытла і захавання збожжа. Акрамя таго ў паселішчах былі рытуальныя гульнёвыя пляцоўкі, будынак для рады старэйшын[18]. Грамадства падзялялася на матрылінейныя роды. Яны насілі назвы жывёлін, ім прыпісваліся асаблівыя ўласцівасці[19]. Шлюбы знутры родаў былі забаронены[20].

У другой палове XVIII — першай палове XIX ст. ваенныя правадыры склалі надродавую палітычную структуру на чале вярхоўнага правадыра. Ад імя правадыроў вяліся перагаворы з брытанцамі, а потым амерыканцамі, правадыры прымалі і размяркоўвалі падарункі за ваенную падтрымку і перадачу зямель. З пачатку XIX ст. сярод чыкаса актыўна вялася місіянерская дзейнасць. Місіянеры адчынялі школы, лекавалі мясцовых жыхароў. Такая сістэма фактычна пратрымалася да прыняцця Канстытуцыі 1856 г.[21] Перасяленне ў Аклахому і спыненне існавання аўтаноміі ў 19071970 гг. спрыялі разбурэнню традыцыйнай сістэмы ўлады, хаця памяць пра роды і матрылінейны адлік сваяцтва захаваліся.

Літаратура

Спасылкі

Зноскі

  1. 2010 Census CPH-T-6. American Indian and Alaska Native Tribes in the United States and Puerto Rico: 2010
  2. The Chickasaw Migration Story: Journey from the Place of the Setting Sun
  3. Clark, B. Indian Tribes of Oklahoma: A Guide. - P. 95
  4. Ethridge, R. From Chicaza to Chickasaw: The European Invasion and the Transformation of the Mississippian World, 1540—1715
  5. CHICKASAW HISTORY
  6. Treaty of Hopewell
  7. “Mad Anthony” Wayne and the End of the Northwest Indian War
  8. George (Chooshemataha), Levi (Itawamba Mingo), and William (Tootemastubbe) Colbert
  9. CHICKASAW HISTORY
  10. George (Chooshemataha), Levi (Itawamba Mingo), and William (Tootemastubbe) Colbert
  11. Chickasaw Treaty Council Of 1830
  12. The Removal of the Chickasaw Indians
  13. Constitution, Laws, and Treaties of the Chickasaws
  14. PAST GOVERNORS Архівавана 22 кастрычніка 2019.
  15. Chickasaw – Unconquerable in the Mississippi Valley
  16. The Constitution Of the Chickasaw Nation
  17. Chickasaws: The Unconquerable People Архівавана 1 лістапада 2019.
  18. HOUSING
  19. Ancient Chickasaw Culture & the Muskogean Clan System
  20. SOCIETY
  21. Constitution, Laws, and Treaties of the Chickasaws
Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Народы ЗША
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Індзейцы Паўночнай Амерыкі