wd wp Пошук:

Чуўк

Чуўк, або састарэлая назва трук (саманазва Chuuk) — народ, карэнныя насельнікі Каралінскіх астравоў. Зараз жывуць ва ўсіх частках Федэратыўных Штатаў Мікранезіі. Абшчыны чуўк таксама ёсць у ЗША і на Гуаме. Колькасць у Федэратыўных Штатах Мікранезіі — 53595 чал. (2000 г.) [1].

Гісторыя

Чуўк адносяцца да часткі мікранезійцаў, якая размаўляе на адной з усходніх малайска-палінезійскіх моў. Іх паходжанне да канца не высветлена. Мяркуецца, што першыя насельнікі з’явіліся на астравах Чуўк каля 2000 гадоў таму. Згодна паданням саміх чуўк, іх продкі Ірас і Качаў прыплылі ў XII—XIII стст. з усходу. Існуюць міфы, падобныя на палінезійскія, аб выманні першапродкамі астравоў з акіяну.

У XVI ст. чуўк упершыню сутыкнуліся з еўрапейцамі. Дзякуючы іспанцам, тубыльцы пазнаёміліся з жалезам, якое высока імі шанавалася. Арганізоўваліся марскія гандлёвыя экспедыцыі за жалезнымі рэчамі на Гуам.

З кан. XVIII ст. на астравах Чуўк з’явіліся прадстаўнікі іншых еўрапейскіх дзяржаў — Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. Прычым, адносіны паміж маракамі і абарыгенамі не заўсёды мелі мірны характар. З аднаго боку, чуўк былі зацікаўлены ў абмене правіянту на еўрапейскія тавары. З іншага, здаралісь напады на гандляроў і даследчыкаў, якія скончваліся вялікімі ахвярамі сярод саміх жа астравіцян. З кан. XIX ст. на астравах з’явіліся японскія гандляры.

З 1874 г. сярод чуўк пачало распаўсюджвацца хрысціянства.

У 1885 г. Каралінскія астравы былі анэксаваны Іспаніяй. У 1899 г. — абвешчаны калоніяй Германіі. У 1914 г. — заняты Японіяй. Японцы ўкаранілі сістэму школьнага выхавання, пабудавалі першы шпіталь, пачалі прымаць абарыгенаў на адміністрацыйныя пасады, уладковаць на працу на іншых астравах Мікранезіі. З 1930-ых гг. пачалася міграцыя каланістаў з Японіі (каля 4000 чал. з 18000 чал. агульнага насельніцтва на астравах Чуўк у 1937 г.), якія ўцягвалі мясцовае насельніцтва ў прамысловы лоў рыбы. «Мясцовыя людзі куплялі квіткі на параходы ў іншыя часткі Мікранезіі і веласіпеды для сваіх дзетак. У чуўк дагэтуль ніколі не было столькі грошай», — зазначаецца ў чарнавіку афіцыйнай справаздачы ўрада Федэратыўных Штатаў Мікранезіі [2].

У 1944 г. астравы былі акупаваны ЗША, якія пазней атрымалі ад ААН мандат на кіраванне Мікранезіяй як падапечнай тэрыторыяй. У 1986 г. быў створаны штат Чуўк у складзе Федэратыўных Штатаў Мікранезіі.

Асаблівасці культуры

Напад чуўк на французскіх маракоў, мал. 1846 г.

Традыцыйныя заняткі — сельская гаспадарка, аснову якой складае земляробства (вырошчвалі тара, какосы, хлебнае дрэва, садавіну), і лоў рыбы. Чуўк лічыліся выдатнымі мараплаўцамі. Жытлы драўляныя, адкрытага тыпу, з шырокім дахам, часцяком без сцен.

Сем’і пераважна вялікія пашыраныя. Існаваў звычай жыцця жаніха і нявесты ў сям’і наканаванага да абвяшчэння афіцыйнага шлюбу. Старэйшыя члены сем’яў заўсёды разглядаліся сацыяльна вышэйшымі за малодшых, але ў адрозненні ад суседзяў на Чуўк не склаўся моцны пласт правадыроў. Паміж жыхарамі розных астравоў успыхвалі ўзброеныя канфлікты.

Распаўсюджаны татуіроўка, шнараванне цела. Традыцыйнае мастацтва — пляценне, рэзь па дрэву, вытворчасць тапы, мастацкая апрацоўка ракавін.

Астравы Чуўк з’яўляюцца найбольш беднай часткай Федэратыўных Штатаў Мікранезіі, што адмоўна адбіваецца на развіцці прафесійнай культуры і адукацыі.

Мова

Мова чуўк адносіцца да ўсходніх малайска-палінезійскіх моў. З’яўляецца афіцыйнай у Федэратыўных Штатах Мікранезіі. Пісьмовасць на аснове лацінкі. Сярод чуўк таксама шырока распаўсюджана англійская мова, якая абавязкова вывучаецца ў школах і шырока выкарыстоўваецца ў паўседзённым жыцці.

Зноскі

  1. Афіцыйная старонка ўрада ФШМ Архівавана 29 чэрвеня 2012.
  2. CHUUK STATE 1989 CENSUS OF POPULATION AND HOUSING, FEDERATED STATES OF MICRONESIA, 1992. Архівавана 24 верасня 2015. Р. 9

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Мікранезійскія народы
Катэгорыя·Народы Аўстраліі і Акіяніі