У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Будзька. Часлаў (Чэслаў) Будзька (29 чэрвеня 1913, Вільня — 15 жніўня 1985, Чыкага, ЗША) — беларускі грамадскі дзеяч, гісторык, настаўнік. Сын Эдварда Будзькі.
Сын Эдварда Будзькі. Скончыў Віленскую беларускую гімназію, аддзел гісторыі гуманістычнага факультэта Універсітэта Стэфана Баторыя (1938). Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза, супрацоўнічаў з беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі[1], актыўна ўдзельнічаў у працы Таварыства прыяцеляў беларусаведы. За нацыянальную дзейнасць быў пазбаўлены права працаваць па спецыяльнасці[1]. З-за пераследу і беспрацоўя выехаў у Варшаву, потым у Кельцы. Працаваў у кааператыве «Społem». У 1939—1941 гадах жыў у Вільні, працаваў у выдавецтве, затым, у час вайны знаходзіўся ў Германіі[1]. У першыя паваенныя гады жыў у лагеры DP у Ватэнштэце, працаваў настаўнікам гісторыі і беларускай мовы ў мясцовай Беларускай гімназіі імя М. Багдановіча[1]. У 1946 годзе ў Ватэштэце выдаў кнігу сакратара С. Баторыя Р. Гейдэнштэйна «„Пад Полацкам дажджы“ (Запіскі з 1579 году)»[2].
У 1948—1951 гадах жыў у Вялікабрытаніі, з 13 снежня 1948 — член Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. З 1951 жыў у ЗША, у Чыкага. Быў актывістам Чыкагскага аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА). Апроч асноўнай працы, займаўся грамадска-асветніцкай дзейнасцю, гістарычнымі даследаваннямі, праектаваннем вышыванак і дываноў[1]. У 1968 годзе Часлаў Будзька выдаў фотаспосабам кнігу папулярнай гісторыі Беларусі А. Станкевіча «Пазнайма нашую мінуўшчыну»[3]. У 1970—1971 годзе сумесна з В. Пануцэвічам выдаў фотаспосабам асобныя артыкулы пра беларусаў і беларускае пытанне Ё. Лабадоўскага «Litwa i Białoruś».
Ч. Будзька перадаў значную колькасць кніг і матэрыялаў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане. Згодна з сямейным пажаданнем прыватны архіў Ч. Будзькі захоўваецца ў Immigration History Research Center, University of Minnesota (311 Andersen Library, 221—21st Avenue South, Minneapolis, MN 55455-0439).