wd wp Пошук:

Цвентэндорфская атамная электрастанцыя

Цвентэндорфская атамная электрастанцыя (ням.: Kernkraftwerk Zwentendorf, таксама Kernkraftwerk Tullnerfeld) — першая і адзіная атамная электрастанцыя у Аўстрыі. Знаходзіцца ў камуне Цвентэндорф-ан-дэр-Донау, у зямлі Ніжняя Аўстрыя. Была пабудавана, але ніколі не ўводзілася ў эксплуатацыю.

Цвентэндорфская АЭС была першай з шасці атамных электрастанцый, якія планавалася пабудаваць у Аўстрыі. Яе будаванне пачалося ў красавіку 1972 года. Кіпячы вода-вадзяны рэактар павінен быў забяспечыць магутнасць каля 700 мегават. Работы выконвала нямецкая кампанія «Kraftwerksunion» (AEG у супрацы з Siemens). За чатыры гады пабудова была завершана, і неўзабаве павінна было пачацца будаванне другой АЭС, але з 1974 года ў Аўстрыі пачаў набіраць сілу антыядзерны рух. У спробах абяліць ядзерную энергетыку ў вачах насельніцтва, увосень 1976 года аўстрыйскі ўрад запусціў інфармацыйную кампанію. Яе вынікі апынуліся проста процілеглымі: колькасць мірных пратэстаў расла на вачах, у газетах сталі з’яўляцца артыкулы, што крытыкавалі ядзерную праграму. Федэральны канцлер Аўстрыі Бруна Крайскі (СДП), спадзеючыся на паспяховы вынік, вырашыў правесці прапанаванае хрысціянска-сацыяльнай партыяй грамадскае галасаванне па пытанні ўвядзення АЭС у эксплуатацыю, і 5 лістапада 1978 года адбыўся рэферэндум. Пры яўцы ў 64,1 адсотка, 1 576 839 (49,53%) чалавек выказаліся за пачатак эксплуатацыі АЭС, і 1 606 308 (50,47%) прагаласавалі супраць. Розніца ўсяго ў 30 тысяч галасоў вызначыла не толькі лёс Цвентэндорфскай АЭС, але і ўсю ядзерную палітыку краіны: у снежні 1978 года ўрад Аўстрыі наклаў забарону на выкарыстанне ядзернай энергіі да 1998 года, які быў падоўжаны ў 1997 годзе[1][2][3]. Да сённяшняга дня ў краіне дзеялі толькі тры невялікія даследчыцкія рэактары, пабудаваных у 1960-х гадах, з якіх адзін усё яшчэ знаходзіцца ў працоўным стане.[4].

Каб папоўніць нястачу электраэнергіі, непадалёк у 1987 годзе была пабудавана Дзюрнрорская ЦЭЦ, якая далучылася да пабудаванай для АЭС лініі электраперадачы. У 2005 годзе электрастанцыю набыў канцэрн EVN Group. Цяпер рэактар АЭС выкарыстоўваецца як крыніца запасных частак для нямецкіх станцый Isar 1, Brunsbuttel і Philippsburg 1. Групы спецыялістаў трэнуюцца праводзіць на ім планавыя аперацыі абслугоўвання, апроч таго, там адпрацоўваецца абсталяванне для атамных электрастанцый[5]. Магчыма наведванне комплексу. C 2009 гады тэрыторыя абсталявана сонечнымі батарэямі.

Зноскі

  1. Austria’s no to nuclear power Peter Weish
  2. Austria‘s Anti-Nuclear Crusade Архівавана 22 красавіка 2016. Euro Nuclear
  3. AKW Zwentendorf Архівавана 6 красавіка 2016.
  4. General Atomics TRIGA Mark-II Даследчыцкі рэактар у Венскім тэхнічным універсітэце
  5. Snakes on a plant(нявызн.), World Nuclear News (10 July 2013). Праверана 28.03.2016.
Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Электрастанцыі паводле алфавіта
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы