wd wp Пошук:

Хаціслаў

Хаці́слаў[1] (трансліт.: Chacislaŭ, руск.: Хотислав) — аграгарадок у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Хаціслаўскага сельсавета. Размешчаны за 10 км на поўдзень ад Маларыты, 4 км ад чыгуначнай станцыі Хаціслаў (на лініі Брэст—Ковель), 62 км ад Брэста. 360 гаспадарак, 1033 жыхары (2005).

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

«Дэісус», канец XVII стагоддзя. НММ РБ

Па пісьмовых крыніцах Хаціслаў вядомы з XVI ст. Упамінаецца ў апісанні мяжы паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай у 1546 годзе. Паводле юрыдычных актаў 1566 годзе, сяло Хаціслаў Олтушскага войтаўства Палескай воласці Берасцейскага староства, меўся вадзяны млын.

Паводле інвентароў Брэсцкай эканоміі, у 1668 годзе — сяло, 24 валокі зямлі, 1 валока належала новапабудаванай царкве, 35 аселых гаспадарак; у 1682 годзе — 24 валокі зямлі, 2 належалі царкве, 56 аселых гаспадарак.

Паводле прывілея Аўгуста III у 1759 годзе 2 валокі зямлі ў Хаціславе падараваны Міхаілу і Сафіі Здзітавецкім. У 1782 годзе кароль Станіслаў Аўгуст даў прывілей на парафію Хаціслаўскай царквы святару Васілю Харламповічу. У 1789 годзе сяло Збуражскага ключа Брэсцкай эканоміі, 65 аселых гаспадарак.

Пад уладай Расійскай імперыі

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі. 18 жніўня 1795 года Кацярына II падаравала сяло генерал-маёру Мікалаю Данскому. У 1799 годзе пабудавана Спаса-Праабражэнская царква. У другой палове 19 ст. сяло ў Олтушскай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні. Згодна з рэвізіяй 1850 года с. Хаціслаў у складзе маёнтка Олтуш.

У 1860-я г. адносілася да маёнтка Олтуш, Хаціслаўскай сельскай грамады. У 1874 годзе адкрыта земскае народнае вучылішча (у 1886 — 46 вучняў, у т.л. 11 дзяўчынак, у 1900 — 50 вучняў). У 1886 годзе дзейнічалі праваслаўная царква, земскае народнае вучылішча, капліца, карчма.

Апрача земляробства і жывёлагадоўлі жыхары займаліся ткацтвам, кавальскім, кравецкім і інш. промысламі.

Найноўшы час

У 1921—39 гг. у складзе Польшчы. Вёска ў Олтушскай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства. Працавала пачатковая школа (у 1937 — 80 вучняў). Дзейнічала ячэйка КПЗБ. З верасня 1939 года ў БССР. 3 12 кастрычніка 1940 года вёска — цэнтр сельсавета Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1940 годзе працавалі пачатковая школа і магазін.

У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 года да 20 ліпеня 1944 года Хаціслаў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Вёска спалена ў 1941 годзе, загінулі 42 мірныя жыхары. На франтах загінулі і прапалі без вестак 22 вяскоўцы. Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».

20 студзеня 1950 года арганізаваны калгас «Запаветы Леніна». У 1962—65 гг. вёска ў Брэсцкім раёне. У 1998 годзе цэнтр калгаса «Запаветы Леніна».

Насельніцтва

Інфраструктура

Працуюць сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, урачэбная амбулаторыя, музычная школа, кафэ, аддзяленне сувязі, ашчадны банк, магазін.

Славутасці

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Населеныя пункты паводле алфавіта
Артыкулы пра населеныя пункты Беларусі, створаныя аўтаматычна
Хаціслаўскі сельсавет
Аграгарадкі Брэсцкай вобласці
Вёскі Беларусі, цалкам або часткова знішчаныя нацыстамі
Населеныя пункты Маларыцкага раёна
Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Хаціслаў