wd wp Пошук:

Фінбош

Фінбош

Фінбош (афр.: fynbos) — тып хмызняковай расліннасці, пераважны на тэрыторыі Капскай вобласці ПАР, самага багатага відамі фларыстычнага царства планеты. Займае плошчу 46 000 км². Падобны, але менш разнастайны відамі тып расліннасці сустракаецца ў Міжземнамор’і (дзе ён называецца маквіс), цэнтральным Чылі, паўднёвым усходзе і паўднёвым захадзе Аўстраліі, у амерыканскім штаце Каліфорнія, дзе як і ў месцах вырастання фінбоша пераважае міжземнаморскі клімат (субтропікі).

Гісторыя

Такую назву фінбошу далі першыя галандскія перасяленцы Капскай калоніі. Так яны назвалі незвычайную для Нідэрландаў расліннасць, якая пераважала ў раёне Кейптаўна. На мове афрыкаанс слова «фінбош» азначае «дробны хмызняк» або «дробналессе».

Геаграфія

Як і сама Капская вобласць, фінбош, які ўваходзіць у яе склад цягнецца ў прыбярэжнай паласе шырынёй 100—200 км уздоўж узбярэжжа Атлантычнага і Індыйскага акіянаў ад г. Кланвільям на захадзе да Порт-Элізабэт на ўсходзе, займаючы 50 % плошчы Капскай вобласці і змяшчае 80 % яе відаў раслін. Відавая разнастайнасць зніжаецца па меры руху з захаду на ўсход вобласці. Фінбош змяшчае да 9000 відаў раслін, 6200 з якіх — эндэмікі, і з’яўляецца самым разнастайным біёмам свету. Да прыкладу, толькі ў раёне Кейптаўна і Сталовай гары сустракаецца 2200 відаў раслін, гэта значыць больш, чым ва ўсёй Вялікабрытаніі ці Галандыі (1400 відаў). Фінбош займае толькі 6 % тэрыторыі Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі і 0,5 % тэрыторыі Афрыкі, але ў ім расце каля 20 % афрыканскіх відаў раслін.

Батаніка

Як і маквіс, фінбош складаецца пераважна з вечназялёных жорсткалісцевых раслін, якія халадастойкія зімой і жарастойкія летам. Дамінуюць віды з сямействаў пратэйныя, верасовыя, Restionaceae. Распаўсюджаныя гладыёлусы, лілейныя (у тым ліку Lachenalia). Маецца больш за 1400 відаў цыбульных раслін.

Біяабнаўленне

З пункту гледжання чалавека, кусты фінбоша надзвычай пажаранебяспечныя, аднак агонь для фінбоша — натуральная крыніца абнаўлення расліннасці і ўзбагачэння глебы мінераламі, неабходнымі для прарастання новага насення. У апошні час фінбош моцна пакутуе ад уздзеяння чалавека, у тым ліку ад акліматызаваных відаў тыпу хвоі і акацыі. Для абароны фінбоша ў многіх месцах створаны запаведнікі.

Гл. таксама

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Флора Паўднёвай Афрыкі
Катэгорыя·Тыпы расліннасці
Катэгорыя·Біёмы