Фёдар Фёдаравіч Азмі́цель (13 жніўня 1918—15 чэрвеня 1944) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, камандзір партызанскага атрада спецыяльнага прызначэння «Гром», які дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі, старшы лейтэнант. Герой Савецкага Саюза (5.11.1944, пасмяротна).
Ф. Ф. Азміцель нарадзіўся ў сяле Лінавіцкае Мартукскага раёна Акцюбінскай вобласці (Казахстан). Скончыў 8 класаў, настаўніцкія курсы ў Акцюбінску. Працаваў настаўнікам.
З 1938 г. на службе ў Пагранічных войсках НКУС СССР. Прымаў удзел у савецка-фінляндскай вайне 1939—1940 гг. У 1940 годзе накіраваны на вучобу ў Ленінградскае ваеннае вучылішча НКУС СССР (Нова-Пецергофскае ваеннае вучылішча[1]). Падчас Вялікай Айчыннай вайны удзельнічаў у баях на Паўночным фронце, пад Ленінградам і Масквой. У кастрычніку 1941 г. пераведзены ў Асобную мотастралковую брыгаду НКУС СССР. У студзені 1942 г. Ф. Ф. Азміцель накіраваны ў варожы тыл (праз «Віцебскія вароты») у якасці камандзіра партызанскага атрада асобага прызначэння «Грозны», які дзейнічаў у раёне Орша—Віцебск—Смаленск. Пасля вяртання на Вялікую Зямлю ўзначаліў новы партызанскі атрад асобага прызначэння «Гром», накіраваны ў маі 1943 г. у тыл ворага і увайшоўшы ў склад аператыўнай групы НКДБ СССР «Артур». Атрад выконваў разведвальную і дыверсійную работу на тэрыторыі Віцебскай, Мінскай абласцей і ў Мінску.
У чэрвені 1944 г. у час варожай блакады каля возера Палік (Мінская вобласць) старшы лейтэнант Ф. Ф. Азміцель камандаваў групай па прарыву блакады. 15 чэрвеня партызаны прарвалі 3 лініі абароны праціўніка і большая іх частка выйшла з блакады. Ф. Ф. Азміцель быў цяжка паранены і застаўся прыкрываць агнём адыход партызан. Калі скончыліся патроны, падарваў сябе і ворагаў звязкай гранат.
Пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Макаўе Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 5 лістапада 1944 г. Ф. Ф. Азміцелю пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.