Фрэнсіс Уільям А́стан (англ.: Francis William Aston; 1 верасня 1877, Харбарн, Вялікабрытанія — 20 лістапада 1945) — англійскі фізік, член Лонданскага каралеўскага таварыства (1921), замежны член-карэспандэнт АН СССР (1924), лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі за 1922 года.
Скончыў Бірмінгемскі ўніверсітэт (1898). Выкладаў у Бірмінгемскім і Кембрыджскім універсітэтах.
У 1919 годзе сканструяваў першы мас-спектрометр і з яго дапамогай адкрыў 213 устойлівых ізатопаў хімічных элементаў, вызначыў іх адносную пашыранасць. У 1925 годзе стварыў новы мас-спектрометр, на якім дакладна вызначыў масу і выявіў дэфект мас шэрагу ізатопаў; упершыню пабудаваў крывую ўпаковачных каэфіцыентаў, што характарызуе энергію сувязі атамных ядраў.
Навуковыя працы па атамнай і ядзернай фізіцы, радыяхіміі.