wd wp Пошук:

Франц Феліксавіч Блус

Франц Феліксавіч (Ілья Піліпавіч) Блус (?, Быхаўскі павет, Магілёўская губерня, цяпер Чавускі раён, Магілёўская вобласць — ?) — агітатар, аўтар вершаваных твораў манархісцкага кірунку 2-й паловы 19 ст.

Біяграфія

Паводле некаторых звестак, служыў чыноўнікам на Магілёўшчыне. Заўзяты манархіст і праціўнік вызваленчага руху. У 1862 г., ва ўмовах рэвалюцыйнага ўздыму, напісаў на беларускай мове, якой добра валодаў, вершаваныя гутаркі «Прамова старавойта да сялян аб свабодзе» і «Прамова старавойта (для чытання маім землякам)», у якіх заклікаў сялян да пакоры і цярпення, славіў цара і сялянскую рэформу 1861 г., даводзіў справядлівасць сацыяльнай няроўнасці.

Па распараджэнні губернатара гутаркі былі вельмі аператыўна надрукаваны ў Магілёве і выкарыстаны для спынення сялянскага руху. Паводле звестак архіўнай справы, што зберагаецца ў ЦДГА (Пецярбург), у 1863 г. Ф. Блус напісаў яшчэ нейкі твор «супраць агітатараў польскага паўстання».

Пасля паўстання 1863 г. працаваў на чыгунцы ў Бузулуку, быў звольнены, некаторы час жыў у Самары, дзе, паводле водзываў улад, «вёў жыццё разгульнае, бавячы час у гасцініцах». Звалі яго ў гэты час Ілья Піліпавіч. Гэта значыць, што пад гутаркамі 1862 г. ён паставіў несапраўдныя імя і імя па бацьку (Франц Феліксавіч) або змяніў іх у далейшым (магчыма, пры пераходзе з каталіцызму ў праваслаўе).

На пачатку 1881 г., незадоўга да забойства Аляксандра II, прыслаў міністру ўнутраных спраў некалькі вершаў на рускай мове, прысвечаных цару, і прасіў надрукаваць іх для чытання на фабрыках і заводах, каб супрацьдзейнічаць агітацыі «дэмакратаў-сацыялаў». Пры гэтым ён спасылаўся на свой беларускі вопыт 1862 г. Вершы 1881 г. было дазволена надрукаваць з некаторымі купюрамі (выкінуты радкі аб беднасці і ўціску народа). Далейшы лёс іх, як і самога аўтара, невядомы.

Значэнне творчасці

Беларускія гутаркі Ф. Блуса — цікавы дакумент эпохі. Незалежна ад намераў аўтара, у іх адлюстраваліся рэаліі тагачаснага народнага жыцця, антыпрыгонніцкія настроі сялянства, іх абыякавасць да рэлігіі і г.д. Некаторыя даследчыкі звязваюць з Ф. Блусам таксама ананімную празаічную брашуру «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела», выдадзеную ў Магілёве (1861 г.), аўтарам якой лічыцца А. Кісель.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Чавускім раёне
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Быхаўскім павеце
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты
Катэгорыя·Паэты Расійскай імперыі
Катэгорыя·Паэты Беларусі
Катэгорыя·Асобы