wd wp Пошук:

Усевалад Сямёнавіч Кароль

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кароль. Усе́валад Сямё́навіч Каро́ль (18 кастрычніка 1919, в. Старое Сяло, цяпер Мінская вобласць — 4 кастрычніка 1984, Баранавічы; «хросны бацька Баранавічаў», «жаночы Кароль») — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, акушэр-гінеколаг.

Ранняе жыццё

Навучаўся ў беларускай гімназіі ў Радашковічах (1928—1929), у Віленскай беларускай гімназіі (1929—1936). Студэнт медыцынскага факультэта універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Усевалад Кароль быў актыўным грамадскім дзеячом: друкаваўся ў заходнебеларускіх выданнях, з’яўляўся апошнім кіраўніком Беларускага Студэнцкага Саюза, ліквідаванага ў 1940 годзе. Падчас нямецкай акупацыі Беларусі Усевалад Кароль з жонкай Кацярынай прыехаў жыць у Баранавічы, дзе працаваў лекарам і выкладаў у медыцынскай школе. Як пазначае Леанід Маракоў, у гэты час Кароль удзельнічаў у нацыянальным падпольным руху, кіраваў Баранавіцкім камітэтам Беларускай незалежніцкай партыі (БНП)[1]. Кіраўніцтва партыі планавала скіраваць яго ў Лондан як паўнамоцнага прадстаўніка ад Беларусі.

Арышт

Усевалад Кароль з жонкай Кацярынай

Узімку 1944—1945 гг Усевалада Караля арыштавалі, засудзілі за кіраўніцтва ў БНП і выслалі на 10 гадоў у канцлагер. Яго першаму сыну Юрку споўнілася тады 3 месяцы. «Па бацьку прыехалі людзі на санях, сказалі, што трэба ратаваць нейкага хворага, і ён, як звычайна, паехаў, вярнуўшыся дадому толькі праз 10 гадоў, — расказвае сёння са словаў маці сярэдні сын Усевалада Караля Ілля. — У тыя часы ніхто нікому нічога не тлумачыў. Мая маці толькі праз год даведалася, куды знік яе муж. Пасля наступных 10 гадоў, пражытых у болю і страху, бацькі імкнуліся, каб іх дзеці меней чулі пра тыя падзеі, бо хваляваліся за нашыя лёсы. Мы ведалі, што бацька быў рэпрэсаваны. За што? Нам казалі, што хтосьці „нагаварыў“ на яго за анекдот на палітычную тэму. Казалі таксама, нібыта бацьку засудзілі за тое, што працаваў падчас вайны». Перасцерагаючыся наступстваў, жонка Усевалада Караля спаліла ўсе дакументы сямейнага архіву, звязаныя з дзейнасцю яе мужа да арышту. Для таго, каб працягваць працаваць акулістам у Баранавіцкай бальніцы, на гады высылкі мужа Кацярыне давялося развесціся з ім. Пасля вяртання Ўсевалада Сямёнавіча яны пабраліся шлюбам другі раз. Як распавядае сын Ілля, маці часта ездзіла на Поўнач да бацькі, пакідала яму ўсе грошы, што былі пры сабе. Назад вярталася без білета і без адзінай капейчыны ў кішэні. Спагадлівыя людзі дапамагалі ёй хавацца ад кантралёраў і не давалі галадаць.

Жыццё ў Баранавічах

Па вяртанні ў 1955 годзе з лагеру ў Баранавічы, Усевалад Кароль да апошніх дзён падтрымліваў цеснае сяброўства са старымі сябрамі. У яго хаце часта збіраліся госці не толькі з Беларусі, але і з Польшчы, Літвы. Прыходзіў рэпрэсаваны ветэран нацыянальнага руху Пятро Рашэтнік, прыязджалі з Моўчадзі настаўнік Семяняка і з Зэльвы Янка Геніюш, з якімі Усевалад Кароль разам быў у высылцы. З Вільні наведваліся Лявон і Юрка Луцкевічы, сыны аднаго са стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі Антона Луцкевіча. Яны разам гралі ў брыдж, чыталі вершы і ўспаміналі мінулае. Дзеці падчас тых гутарак выпраўляліся гуляць у сад ці ў іншы пакой. «Я памятаю толькі, што сяброўскае кола бацькі па лагерным мінулым — дактары, настаўнікі, іншая інтэлігенцыя — усе размаўлялі міжсобку выключна па-беларуску, — узгадвае Ілля Кароль. — Здавалася, што ў сталінскія лагеры высылалі ўсіх беларускіх патрыётаў».

Сведчанні калегаў дактароў

«Гэта быў цудоўны чалавек, інтэлігент і прафесіянал найвышэйшай маркі, — узгадвае пра Усевалада Караля яго нявестка Галіна, якая маладым доктарам-інтэрнам у 1969 годзе прыйшла працаваць да яго ў Баранавіцкую радзільню. — Усевалад Сямёнавіч быў вельмі патрабавальны і ў той жа час надзвычай добры і літасцівы. Ён максімальна імкнуўся перадаць свае веды маладым спецыялістам. Літаратуры па акушэрстве і гінекалогіі у той час практычна не было, ён прыносіў кнігі з уласнай бібліятэкі, якая была ў яго ад зямлі да столі, прымушаў чытаць манаграфіі па кожнай новай тэме, рыхтаваў нас так, нібыта мы мусілі быць прафесарамі». Кароль цаніў сваіх калегаў і ніколі не прыніжаў чалавека. Не падвышаў голасу, не дазваляў сабе папракнуць маладога спецыяліста ў чужой прысутнасці. Дамы па вул. Вільчкоўскага, у якіх жылі Усевалад Кароль і доктар-практыкантка Таіса Шчогалева, знаходзіліся па-суседству. Калі сярод ночы Караля экстрана выклікалі, ён стукам у шыбіну будзіў нявестку і прапаноўваў бегчы на працу разам. «І мы часцяком беглі разам — ад Цэнтральнага вакзала, праз чыгунку, да самай радзільні, бо я хацела чамусьці навучыцца ў такога прафесіянала», — прыгадвае Таіса Шчогалева.

Усевалад Кароль разам з сынамі Сямёнам (злева) і Іллём (справа) на рыбалцы

Лекара Караля ведалі за межамі Беларусі. Ён часцяком наведваў медыцынскія канферэнцыі ў Кіеве, Маскве, публікаваўся ў навуковых выданнях. Дзякуючы Усеваладу Каралю ўсе найноўшыя практыкі ў галіне акушэрства і гінекалогіі пачыналі ажыццяўляцца і ў Баранавічах. Усевалад Кароль быў спецыялістам-практыкам, класічным інтэлігентам еўрапейскага ўзроўню. Апроч роднай беларускай мовы, на якой Кароль размаўляў з блізкімі па духу людзьмі і пісаў вершы, ён дасканала валодаў расійскай, нямецкай, літоўскай і польскай мовамі. «Бацька аднойчы сказаў, што напісаў ужо 10 дэсертацый розным людзям, якія паспяхова з імі абараніліся, — узгадвае яго сын Ілля. — Абараніцца сам ён так і не змог, бо быў рэпрэсаваны». Лагернае мінулае перашкаджала кар’ернаму росту Усевалада Караля. Ён быў намеснікам галоўнага доктара радзільні па медыцынскай частцы. Галоўныя дактары мяняліся, а Кароль так і заставаўся «другім чалавекам» установы (дэ-факта быў першым). «Гэта быў самы эрудаваны спецыяліст у радзільні, — прыгадвае Таіса Шчогалева. — Усевалад Сямёнавіч адказваў за ўсю медыцынскую работу, і галоўны доктар быў за ім, як за каменнай сцяною. Перад яго кабінетам заўжды сядзелі чэргі жанчын: усе імкнуліся трапіць менавіта да Караля. Усе цяжкія выпадкі з жанчынамі вёў таксама ён. У яго часта скакаў ціск, што ніколі не замінала яму падымацца сярод ночы, сядаць на ровар і ехаць на экстраны выклік. Усевалад Сямёнавіч ніколі не карыстаўся грамадскім транспартам — ездзіў толькі на ровары».

Смерць

Усевалад Кароль памёр ад інфаркту ў 1984 годзе. Развітацца з лекарам-легендаю прыйшло шмат людзей. Па ўзгадках родных, у дзень пахавання вуліца каля яго дому была поўная народу. Жанчыны падыходзілі да труны, падалі на калені, цалавалі рукі Караля і плакалі. Яго калегі па працы, якія ў той дзень былі на дзяжурстве, прасілі паднесці труну да радзільні, каб таксама мець магчымасць развітацца з мэтрам. Але паколькі Усевалад Кароль быў рэпрэсаваны, мясцовыя ўлады не далі дазволу правесці ўсенароднае пахаванне. Сваякам Караля ледзьве дазволілі пахаваць яго ў цэнтры Русіноўскіх могілак.

Цікавыя факты

У 1937 годзе Усевалад прыходзіў з заняткаў дадому з абдзёртымі рукавамі. Дома нічога не тлумачыў, але маці аднаго разу не вытрымала і пайшла да яго сяброў пытацца, у чым справа. Высветлілася, што пасля ўвядзення ва ўніверсітэце асобных лавак для габрэяў, Усевалад Кароль дэманстратыўна перасядаўся да іх, пратэстуючы супраць антысемітызму. Чальцы польскіх шавіністычных арганізацый цягалі яго за рукавы, хацелі выцягнуць адтуль. Але наш герой быў настолькі буйным чалавекам, што зрушыць з месца яго было немагчыма, а вось парваць рукавы — простая справа. Пасля некалькіх такіх выпадкаў Беларускі студэнцкі саюз прыняў рашэнне ўсім складам сядаць да габрэяў.

Крыніцы

Зноскі

  1. Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.
Тэмы гэтай старонкі (21):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 18 кастрычніка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінскім павеце
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1919 годзе
Катэгорыя·Медыкі Беларусі
Катэгорыя·Члены Беларускага Студэнцкага Саюза
Катэгорыя·Члены Беларускага студэнцкага саюза
Катэгорыя·Памерлі ў Баранавічах
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Палітыкі Беларусі
Катэгорыя·Навучэнцы Радашковіцкай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Члены Беларускай незалежніцкай партыі
Катэгорыя·Навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінскім раёне
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Памерлі ў 1984 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Старым Сяле, Мінскі раён
Катэгорыя·Памерлі 4 кастрычніка
Катэгорыя·Асобы