У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Саўчанка.
Уладзі́мір Яго́равіч Са́ўчанка (нар. 26 лютага 1952, в. Фралоўка Касцюковіцкага раёна, Магілёўская вобласць, БССР) — дзяржаўны дзеяч Беларусі, былы старшыня Гродненскага абласнога выканаўчага камітэта (2001—2010).
У 1974 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію.
Працаваў дырэктарам Брасаўскага сельгастэхнікума, Бранскай вобласці, Расія. Быў прарабам, начальнікам Круглянскага ДРБУ, старшынёй калгаса, пасля — старшынёй Круглянскага райвыканкама.
У 1996—1999 гадах — намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама.
З 1999 па 2001 год быў першым намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама.
5 лютага 2001 года быў прызначаны в. а. старшыні Гродзенскага аблвыканкама (у сувязі са смерцю Аляксандра Дубко).
29 сакавіка 2001 года Указам Прэзідэнта быў прызначаны старшынёй Гродзенскага аблвыканкама.[1]
25 студзеня 2010 года быў вызвалены з пасады ў сувязі з пераходам на іншую работу.[2]
Дзейнасць Уладзіміра Саўчанкі на чале Гродзенскай вобласці часта ацэньваецца негатыўна. У першую чаргу з яго асобай звязваюць руйнаванне гістарычнага цэнтру Гродна, а таксама наступ на мясцовую незалежную прэсу і яе ліквідацыю[крыніца?].
У 2005—2009 гадах была праведзеная «рэканструкцыя» Гродна пад кіраўніцтвам губернатара Уладзіміра Саўчанкі. Падчас «рэканструкцыі» быў знішчаны цэлы шэраг помнікаў гісторыі і культуры: магнацкі Палац на Падоле (помнік архітэктуры XVIII стагоддзя)[3], стайні Сцяпана Батуры (помнік архітэктуры XVI стагоддзя)[4], флігель палаца віцэ-адміністратара другой паловы XVIII стагоддзя. У тыя часы ён выконваў функцыю стайні і карэтнай. Гэты будынак быў самай старой аўтэнтычнай стайняй, якая захавалася на тэрыторыі Беларусі. Пасля трох месяцаў вырашэння лёсу флігеля, які цалкам захаваўся з 1794 году, яго зруйнавалі[5][6][7].