Украінскі ваенны кантынгент у Іраку (укр.: Український військовий контингент в Іраку) — падраздзяленне ўзброеных сіл Украіны, якое знаходзілася ў складзе сіл шматнацыянальнай кааліцыі ў Іраку ў перыяд з 31 ліпеня 2003 да 9 снежня 2008. Агулам у Іраку і Кувейце вайсковую службу прайшлі каля 6100 украінцаў, 18 з якіх загінулі, больш за 40 атрымалі раненні. Гэта самая вялікая замежная ваенная аперацыя ў гісторыі сучаснай Украіны.
Пасля заканчэння ваеннага ўварвання ў Ірак прэзідэнт ЗША Джордж Уокер Буш заклікаў сусветную супольнасць прыняць удзел у працэсе дэмакратызацыі Ірака.
Ідэя адправіць у Ірак украінскі кантынгент належала міністру абароны Яўгену Марчуку, прэзідэнт Украіны Леанід Кучма спачатку быў супраць уводу войскаў, але потым змяніў сваё меркаванне. Далучэнне Украіны да шматнацыянальнай аперацыі ў Іраку магло дазволіць ураду выйсці з міжнароднай палітычнай ізаляцыі, у якую ён трапіў пасля серыі гучных палітычных скандалаў, пасля справы Гангадзэ ды скандалу з продажам Іраку радыёлакацыйных сістэм «Кальчуга»[1].
У сярэдзіне мая 2003 года стала вядома, што Савет нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны плануе разглядзець пытанне аб накіраванні ўкраінскага батальёна ў склад сіл міжнароднай кааліцыі ў Іраку[2]. 1 чэрвеня 2003 года пасол ЗША ва Украіне Карлас Паскуаль паведаміў у эфіры тэлеканала УТ-1, што ЗША гатовыя аплаціць частку выдаткаў на ўдзел украінскіх вайскоўцаў у міжнародным кантынгенце ў Іраку[3]. 5 чэрвеня 2003 года Вярхоўная Рада Украіны ратыфікавала ўказ прэзідэнта аб удзеле ўкраінскіх войскаў у ваеннай місіі ў Іраку[4]. Супраць галасавалі фракцыі камуністаў і сацыялістаў, фракцыя Віктара Юшчанкі «Наша Украіна» падтрымала рашэнне аб адпраўцы войскаў.
Асновай украінскага кантынгенту ў Іраку стала 5-я асобная механізаваная брыгада (1333 салдаты, 228 сяржантаў, 111 прапаршчыкаў і 270 афіцэраў), укамплектаваная на добраахвотнай аснове[5]. Перад перадыслакацыяй у Ірак у 2003 годзе частка афіцэраў штаба дывізіі ўдзельнічала ў сумесных вучэннях шматнацыянальных сіл у раёне горада Шчэцін. Пры падрыхтоўцы да аперацыі было ўстаноўлена, што існуючая ў савецкі час сістэма падрыхтоўкі новых ваенных перакладчыкаў разбурана у 1990 годзе, а тыя, што ёсць на ўліку міністэрства абароны ўжо не падыходзяць паводле ўзросту і стану здароўя, таму ў склад кантынгенту былі ўключаныя сем грамадзянскіх асоб (перакладчыкі, якія валодаюць арабскай мовай)[6].
21 ліпеня 2003 года з порта ў горадзе Мікалаеў у кірунку Кувейта выйшаў турэцкі карабель з 288 адзінкамі вайсковай тэхнікі на борце (60 бронетранспарцёр БТР-80, 11 бронемашын БРДМ-2, 217 аўтамабіляў розных тыпаў і іншая спецыяльная тэхніка) . 31 ліпеня 2003 году прэзідэнт Украіны Леанід Кучма пастанавіў перадыслакаваць з Кувейта ў Ірак 19-ы асобны ўкраінскі батальён радыяцыйнай, хімічнай і бактэрыялагічнай абароны (450 вайскоўцаў)[7]. Таксама кантынгенту былі вылучаныя камплекты разведвальна-сігналізацыйнай апаратуры 1К18 «Рэал-У» і 1К124 «Табун»[8].
7—10 жніўня 2003 года ваеннаслужачыя кантынгенту былі дастаўлены ў Ірак і Кувейт з Кіева і Нікалаева на самалётах Іл-76 кампаніі УАТК[9]. У якасці жэсту ў адказ Джордж Буш паабяцаў Украіне падтрымку «на шляху інтэграцыі ў еўрапейскія і еўраатлантычныя структуры».
Украінская механізаваная брыгада паступіла ў падпарадкаванне камандаванню шматнацыянальнай дывізіі «Цэнтр-Поўдзень», якая мела ў сваёй аснове польскі кантынгент[10], і была дыслакаваная ў правінцыі Васіт ў 140 км ад Багдада. Украінскія вайскоўцы выконвалі задачы на ірана-іракскай мяжы, у населеных пунктах Эль-Кут, Эль-Хай, Эс-Сувайра, Вавілон, Багдад, на пункце пераходу «Арафат» (форт Бадра).
У цэлым, у перыяд са жніўня 2003 года па сакавік 2005 у Іраку знаходзілася каля 1600 украінскіх вайскоўцаў (у тым ліку 14 жанчын) і больш за 2000 адзінак тэхнікі[4][11]. Да пачатку красавіка 2005 года колькасць украінскага кантынгенту ў Іраку складала каля 1650 чалавек[12]. Расходы складалі каля 20 млн долараў ЗША на год[13].
Як паведаміў у інтэрв’ю намеснік камандзіра 19-га батальёна Алег Кузняцоў, вайскоўцы былі самымі «таннымі» з усіх 34 краін кааліцыі, штомесячнае грашовае забеспячэнне ўкраінскіх вайскоўцаў складала 500—600 долараў для радавых салдат, 800—900 долараў для прапаршчыкаў і 1000—1200 для афіцэраў[14].
Украінскія ваенныя неаднаразова падвяргаліся нападам і асабіста здзяйснялі аперацыі супраць паўстанцаў. Ім супрацьстаялі шыіцкая групоўка «Армія Махдзі» і партыя Баас. Так, у пачатку верасня 2003 года, у горадзе Эс-Сувейра была зроблена першая спроба атакі ўкраінскага патруля — у выніку выбуху фугаса з дыстанцыйным кіраваннем нязначныя пашкоджанні атрымаў аўтамабіль, але асабісты склад не пацярпеў[15]. Першы бой ваенных адбыўся ўвечары 28 кастрычніка 2003 у раёне горада Эс-Сувейра, калі быў атакаваны патруль 5-й амехбр[16] (14 ваеннаслужачых на двух БТР-80). Пад бронемашынай былі ўзарваны тры фугасы, а затым патруль абстралялі з РПГ-7. У выніку былі паранены 7 вайскоўцаў і пашкоджаны абодва БТР-80[17]. Самым значным баявым сутыкненнем для ўкраінскіх сіл стала бітва за Эль-Кут у красавіку 2004 года[18][19].
Каб пазбегнуць варожага праслухоўвання, украінскія вайскоўцы размаўлялі па рацыі толькі па-ўкраінску, выкарыстоўваючы код украінскіх слоў, бо паўстанцы разумелі англійскія і рускія. Паводле слоў экс-прэс-сакратара міністра абароны Украіны Андрэя Лысенкі, «украінская мова выратавала жыццё ўкраінскіх салдат»[20].
Разам з тым, ваенныя займаліся размініраваннем тэрыторыі, падчас чаго паспяхова выкарыстоўваўся камплект перадатчыкаў перашкод радыёкіраванай мін РП-377 АМ[21]. А афіцэрамі групы псіхалагічных аперацый пры 5-й механізаванай брыгадзе былі складзеныя і надрукаваныя пяць відаў улётак для мясцовага насельніцтва ў раёне дзейнасці ўкраінскага кантынгенту. Акрамя таго, для вайскоўцаў ўкраінскага кантынгенту выпускалася газета «Миротворець»[22].
У маі 2004 Вярхоўная Рада на закрытым пасяджэнні абмеркавала пытанне аб вывадзе войскаў, былі разгледжаны некалькі прапаноў, якія падтрымалі ад 116 да 160 дэпутатаў фракцый КПУ, СПУ, БЮТ і часткі «Нашай Украіны», якія патрабавалі ад прэзідэнта прыняць рашэнне аб тэрміновым вывадзе ўкраінскіх вайскоўцаў з Ірака[23].
11 студзеня 2005 паводле ініцыятывы лідара Камуністычнай партыі Украіны П. Н. Сіманенкі Вярхоўная Рада прыняла пастанову, у якім прэзідэнту было прапанавана неадкладна вярнуць ўкраінскіх міратворцаў на радзіму: «У сувязі з небяспечным абвастрэннем ваенна-палітычнай абстаноўкі ў Іраку і ахвярамі сярод украінскіх вайскоўцаў прапануецца лічыць немэтазгодным далейшае знаходжанне падраздзяленняў узброеных сіл Украіны ў гэтай краіне»[24]. За рашэнне прагаласавалі 308 дэпутатаў[25].
Рашэнне аб падрыхтоўцы да вываду ўкраінскага кантынгенту прыняў Леанід Кучма. Ужо 15 сакавіка 2005 пачаўся паэтапны вывад ўкраінскага кантынгенту. 27 снежня ён завяршыўся.
Пасля вываду з Ірака ўкраінскага міратворчага кантынгенту, у Іраку засталіся каля 50 украінскіх ваенных саветнікаў і інструктараў[26] (каля 30 афіцэраў УС, да 10 прадстаўнікоў памежнай службы, і каля 10 прадстаўнікоў міністэрства ўнутраных спраў Украіны[27]).
У красавіку 2008 года прэзідэнт Украіны Юшчанка адправіў у Ірак 15 вайскоўцаў і работнікаў міністэрства абароны Украіны для ўдзелу ў Місіі ААН[28]. 24 снежня 2008 года апошнія 29 чалавек ўкраінскага міратворчага персаналу завяршылі міратворчую місію ў Іраку ў складзе кааліцыйных сіл і вярнуліся ва Украіну[29], аднак у Іраку засталіся 10 ўкраінскіх афіцэраў у складзе трэніровачнай місіі НАТА[30].
Па стане на студзень 2010 года, у складзе трэніровачнага місіі НАТА ў Багдадзе і на базе Тадж (35 км на поўнач ад Багдаду) было 8 украінцаў[31], у снежні 2011 года — 9 ваеннаслужачых[32], па стане на 24 ліпеня 2013 года — 6 афіцэраў[33]. У цэлым, за ўвесь перыяд удзелу ў аперацыі NTM-I, украінскія ваенныя саветнікі і інструктары правялі заняткі па павышэнні кваліфікацыі і падрыхтоўцы з 400 афіцэрамі іракскай арміі і навучылі 575 старшых сяржантаў і сяржантаў[34].
Толькі да канца 2003 года вайскоўцы ўкраінскага кантынгенту ў Іраку зрабілі дагляд 39 245 грамадзянскіх асоб і 12 862 аўтамашыны, затрымалі 3933 чалавекі, выявілі і канфіскавалі 2 мінамётаў, 5 ПТУР, 3 ЗРК «Роланд», 1 ПЗРК «Страла-2М», 11 гранатамётаў, 358 адзінак стралковай зброі, 76 ручных гранат, 63 кг тратылу, 17 метраў вогнеправоднага шнура, 164 дэтанатара, значную колькасць боепрыпасаў (374 артылерыйскія снарады, 8 мінамётных мін 55 365 патронаў) і 0,8 кг наркотыкаў[35].
Падчас місіі ўкраінскія вайскоўцы спрыялі будаўніцтву 14 школ, рамонту 7 дзіцячых садкоў, 4 магістраляў і 3 ліній электраперадачы. Былі адноўлены 4 аб’екты водазабеспячэння, а амаль 50 000 мясцовых жыхароў атрымалі медыцынскую дапамогу[36].
Па стане на 11 снежня 2008 года праз Ірак прайшлі каля 5 тыс. украінскіх вайскоўцаў[37].
За ўвесь перыяд місіі загінулі 18 украінскіх і звыш 40 атрымалі раненні[38]. Акрамя таго, мелі месца небаявыя санітарныя страты (захварэўшымі)[35][39]. Пры медыцынскім абследаванні вайскоўцаў былі выяўленыя выпадкі нервова-псіхічных і іншых стрэсавых расстройстваў[40]. Пяць параненых вайскоўцаў украінскага кантынгенту, якія праходзілі лячэнне ў ваенным шпіталі ЗША ў горадзе Ланштуль (ФРГ) у выніку лячэння з інтэнсіўным ужываннем наркатычных прэпаратаў, пасля вяртання ва Украіну і медыцынскага абследавання ў Кіеве былі прызнаныя нарказалежнымі[41].
Па вопыце ўдзелу ў баявых дзеяннях у Іраку некалькі БТР-80 украінскага кантынгенту былі мадэрнізаваны — на іх усталявалі мацаванне для ўстаноўкі аўтаматычнага гранатамёта АГС-17 і супрацькумуляціўные экраны[42].