Украінская Народная Рэспубліка (УНР; укр.: Українська Народна Республіка) — палітычнае ўтварэнне пачатка XX ст. на тэрыторыі сучаснай Украіны, абвешчана 7(20) лістапада 1917 ў Кіеве Украінскай цэнтральнай радай (УЦР) як украінская нацыянальная дзяржава ў складзе федэратыўнай Расіі, з 9(22) студзеня 1918 — незалежная дзяржава.
29 красавіка 1918 года генерал Павел Скарападскі пры падтрымцы германскіх акупацыйных войск скінуў УЦР і ліквідаваў УНР, замест якой абвешчана Украінская дзяржава (Гетманшчына). У снежні 1918 года УНР адноўлена Украінскай дырэкторыяй.
У 1918—1920 гадах УНР знаходзілася ў процістаянні з РСФСР, Украінскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай (УССР) і белагвардзейскім урадам генерала Антона Дзянікіна, была ў саюзе з краінамі аўстра-германскага ваеннага блоку і Польшчай.
У студзені-лістападзе 1919 года існавала Саборная Украіна — аб’яднанне УНР і Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі (створана ў лістападзе 1918 ў Галіцыі).
Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года амаль усе ўкраінскія этнічныя землі ўвайшлі ў склад УССР і Польшчы.
Урад УНР да 1965 года існаваў у эміграцыі пад кіраўніцтвам С. Пятлюры (да 1926), потым А. Лявіцкага і С. Вятвіцкага.