wd wp Пошук:

Таміслаў I

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Таміслаў.

Таміслаў I (харв.: Tomislav I) (памёр у 928 годзе) — кіраўнік Харватыі з дынастыі Трпіміравічаў у 910928 гадах. У 910—925 гадах насіў тытул князя Харватыі, у 925 годзе быў каранаваны і стаў першым у гісторыі харвацкім каралём.

Аб’яднаў у складзе сваёй дзяржавы харватаў Далмацыі і Паноніі, значна пашырыў межы каралеўства, якое ў яго кіраванне распасціралася ад Адрыятыкі да Дравы і ад Істрыі да Дрыны. Таміслаў зрабіў харвацкае каралеўства адной з наймагутных дзяржаў свайго часу на Балканах.

Біяграфія

Пра сям’ю Таміслава вядома вельмі мала. Верагодна, ён быў сынам князя Мунціміра.

У ранні перыяд свайго кіравання князь Таміслаў удала спыніў уварванне венграў і вымусіў іх адступіць за Драву. Пераможная вайна дазволіла яму далучыць да тэрыторыі княства, якое ўключала да гэтага толькі Далмацыю, частку Паноніі ў міжрэччы Савы, Дравы і Купы[1]. Далмацінскія і пасаўскія харваты, такім чынам, упершыню ўз’ядналіся ў адной дзяржаве.

Найважнейшай падзеяй у харвацкай гісторыі стала каранацыя Таміслава, як караля адзінай харвацкай дзяржавы. Папа Ян X прызнаў Таміслава каралём і дараваў Таміславу тытул «Rex Chroatorum». Каралеўства было падзелена Таміславам на 11 абласцей (жупаній). У кожнай з абласцей існаваў прынамсі адзін умацаваны каралеўскі горад.

Харватыя пры Таміславе — 925 год.

Пашырэнне і ўзмацненне Харватыі прывяло да варожасці Балгарыі, якая дасягнула піка сваёй магутнасці пры цару Сімяоне I. Наяўнасць агульнага ворага зблізіла Таміслава з Візантыяй. Паводле дагавора з Канстанцінопалем, пад кантроль Харватыі перайшлі візантыйскія гарады ў Далмацыі. Харватыя, са свайго боку, узяла абавязацельства змагацца з тэрытарыяльнай экспансіяй Сімяона I.

Таміслаў I
О. Івекавіч. Каранацыя Таміслава
Паштовая марка. Югаславія, 1940 год. Кароль Таміслаў

У 926 годзе балгарская армія пачала наступ на Харватыю, аднак была разгромлена Таміславам у Бітве на баснійскіх узгорках. Названая ў некаторых крыніцах дата — 27 мая 927 года, паводле меркавання сучасных даследчыкаў адносіцца не да самой бітвы, а да хуткай смерці Сімяона[2]. Паводле трактата «Пра кіраванне імперыяй» імператара Канстанціна VII Парфірароднага, харвацкая армія ў эпоху Таміслава складалася з 100 тысяч пяхоты і 60 000 кавалерыі, а таксама мела 80 вялікіх і 100 малых суднаў — іншымі словамі: узброеныя сілы Таміслава пераўзыходзілі сваёй моцай візантыйскія.

Пры Таміславе ў 925 і 927 гадах адбыліся два спліцкія царкоўныя саборы, на якіх разгарэлася барацьба паміж прыхільнікамі Нінскага біскупа Гргура, які выступаў за ўжыванне ў літургіі славянскай мовы, і спліцкай партыяй, якая падтрымлівала выключна-лацінскую літургію. Кароль Таміслаў быў цалкам на баку Гргура — аднак, паводле вынікаў сабораў (дзе вернікам, уключаючы Таміслава, не было пададзена права голасу), перамаглі прыхільнікі татальнай латынізацыі. Нінская дыяцэзія была ліквідавана, а Спліцкая архідыяцэзія стала рэлігійным цэнтрам усёй краіны. Зрэшты, латынізацыя богаслужэння адбывалася павольна, яшчэ доўгі час у Харватыі літургія здзяйсянялася на славянскай мове, а богаслужэбныя кнігі пісаліся на глаголіцы. Глагалічная літургія была распаўсюджана ў Харватыі яшчэ шмат стагоддзяў, а ў XIII стагоддзі была нарэшце ўзаконена.

У 926 годзе каля берагоў Афрыкі з’явілася флатылія з 30 караблёў, якой камандаваў славянін Сарыб[3] — верагодна, харват[4].

Акалічнасці смерці Таміслава ў 928 годзе[5] невядомыя. Пераемнікам Таміслава на прастоле стаў яго малодшы брат Трпімір II.

Памяць

Сербскі гісторык С. Станоевіч пісаў,

" Пасля смерці Таміслава Харвацкае каралеўства прыходзіць у заняпад і становіцца ценем Таміслаўскай Харватыі. "
Харвацкі народ успамінаў пра Таміслаўскую эпоху (Doba Kralia Tomislava) як пра нейкі «залаты век»…

У 1926 г. у гонар Таміслава I узведзены быў абеліск у баснійскім горадзе Ліўна.

У 1928-1938 гадах харвацкі скульптар Роберт Франгеш-Міханавіч стварыў манументальную конную статую Таміслава I, пастаўленую ў Заграбе пасля Другой сусветнай вайны, у 1947 годзе. Камуністычныя ўлады не дазволілі ўпрыгожыць пастамент Франгешавымі барэльефамі і харвацкай шахоўніцай - толькі ў 1991 годзе яны занялі законнае месца на пастаменце каралеўскага манумента.

Пасля 1991 года мноства новых помнікаў Таміславу было ўзведзена ў розных гарадах Харватыі, Босніі і Герцагавіны. Сярод іх вылучаецца статуя Таміслава I у Таміслаўградзе, працы заграбскага скульптара Вінкі Багарыча (Vinko Bagarić).

Гл. таксама

Зноскі

  1. У IX — пачатку X стст. Панонская Харватыя падпарадкоўвалася баварцам
  2. Прадаўжальнік Феафана. Кн. 6. Валадаранне Рамана. Заўв. 26
  3. Такую транскрыпцыю яго імя дае сірыйскі энцыклапедыст XIII стагоддзя Абуль-Фіда.
  4. Гісторыю славянскага мараплаўства ў Міжземных водах актыўна распрацоўваў гісторык і географ С. М. Маркаў.
  5. С. Станоевіч, М. С. Дзяржавін і І. М. Галянішчаў-Кутузаў адносяць смерць Таміслава ў 930 годзе.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Князі харвацкія
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы X стагоддзя
Катэгорыя·Каралі харвацкія
Катэгорыя·Памерлі ў 928 годзе
Катэгорыя·Трпіміравічы
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Асобы