wd wp Пошук:

Сяргей Уладзіміравіч Федаровіч

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Федаровіч. Сяргей Уладзіміравіч Федаровіч (нар. 22 мая 1939, в. Малыя Дворцы, Пінскі раён, Брэсцкая вобласць) — беларускі вучоны ў галіне алергалогіі, імуналогіі, дэрматалогіі і прафпаталогіі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2002), прэміі НАН Беларусі (2003, 2007).

Біяграфія

Вышэйшую адукацыю атрымаў у Ленінградскім санітарна-гігіенічным медыцынскім інстытуце, які скончыў у 1967 годзе. З 1968 года працаваў навуковым супрацоўнікам у аддзеле прафпаталогіі Беларускага навукова-даследчага скурна-венералагічнага інстытута, дзе ў 1973 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Фізіка-хімічныя паказчыкі скуры і імуналагічныя характарыстыкі хворых алергічнымі дэрматозамі».

У 1975 годзе быў выбраны на пасаду асістэнта, а ў 1988 годзе — дацэнта кафедры прафпаталогіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. У 1986 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Эпідэміялогія, патагенез, клініка, дыягностыка, лячэнне і прафілактыка лекавай алергіі».

У 1988 годзе назначаюць галоўным алерголагам Мінздрава; выбіраюць на пасаду дацэнта кафедры прафпаталогіі БелМАПО, у 1989 годзе — загадчыкам кафедры медыцыны і гігіены Беларускага інстытута фізічнай культуры. У 1990 годзе — зацверджаны ў званні прафесара.

З 1993 года кіруе клінічным аддзелам прафпаталогіі і алергалогіі ГУ «Рэспубліканскі цэнтр гігіены». У 1996 годзе прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь».

Навуковая дзейнасць

З’яўляецца кіраўніком навукова-даследчых работ, а таксама Грантаў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Вынікі навукова-даследчых работ укаранёны ў практыку аховы здароўя са значным сацыяльным і эканамічным эфектам. Таксама ён з’яўляецца кансультантам трох Рэспубліканскіх цэнтраў (алергалогіі, прафпаталогіі і дэрмата-венералогіі) і кансультантам Рэспубліканскай станцыі санітарнай авіяцыі. На працягу амаль 50-ці гадоў аказвае пастаянную лячэбную, кансультатыўную і арганізацыйна-метадычную дапамогу хворым па ўсёй краіне.

З’яўляецца кіраўніком Рэспубліканскага цэнтра пабочнага дзеяння лекаў, Старшынёй Рэспубліканскага навуковага таварыства імунолагаў. Быў выбраны ў склад праўлення навуковага таварыства алерголагаў і імунолагаў краін СНД, уваходзіць у склад Прэзідыума Міжнароднага таварыства алерголагаў і імунолагаў, з’яўляецца старшынёй секцыі па гігіене працы і прафпаталогіі праблемнай Камісіі Мінздрава Рэспублікі Беларусь, членам Вучонага савета РНПЦ гігіены і спецыялізаваных саветаў БДМУ і ГУ «ІРНПЦ гігіены» па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Сяргей Уладзіміравіч — член рэдакцыйнай калегіі часопісаў «Экалогія і здароўе», «Імуналогія».

Пад яго кіраўніцтвам у краіне распрацавана і ўкаранёна тэхналогія спелеалячэння, якая не мае аналагаў у свеце. У Салігорску, на ПА «Беларуськалій», створана падземная рэспубліканская бальніца. 95 % хворых, якія прайшлі лячэнне, адчуваюць сябе пасля «падземкі» вылечанымі. У ходзе даследаванняў раслінных алергенаў, праведзеных клінічным аддзелам прафпаталогіі і алергалогіі РНПЦ распрацаваны і ўкаранёны метад спецыфічнай імунатэрапіі. Айчынная імунаферментная тэст-сістэма замяніла імпартную, пасля якой дыягностыка туберкулёзу стала танней у 8 разоў.

Дзякуючы новым тэхналогіям на Мінскім трактарным заводзе зменшылася прафзахворвальнасць. Упершыню даследавана прафесійная алергія на Аршанскім ільнокамбінаце; прапанаваны і прыменены арыгінальныя прэпараты. Шматпланавыя навуковыя распрацоўкі дазволілі знізіць захворвальнасць на Мазырскім нафтаперапрацоўчым, полацкім заводзе «Шкловалакно», Магілёўскім ПА «Хімвалакно», Гродзенскім ПА «Азот». Прапанаваны і ўкаранёны ахоўны крэм Фёдаровіча для прафілактыкі алергіі.

Пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны 22 кандыдаты і адзін доктар медыцынскіх навук. З’яўляецца аўтарам больш за 500 навуковых работ, у тым ліку 34 манаграфій, 28 метадычных рэкамендацый, 6 інструкцый, болей 100 вынаходстваў і рацпрапаноў.

Узнагароды

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2002, у аўтарскім калектыве) — за цыкл прац «Новыя тэхналогіі прафілактычнай і экалагічнай медыцыны (метады ацэнкі рызыкі ўплыву шкодных фактараў на здароўе насельніцтва, сацыяльна-гігіенічны маніторынг, прынцыпы і сістэма біябяспекі), ліквідацыя эпідэмічнага захворвання масавых інфекцый, папярэджанне імуназалежнай паталогіі», двойчы лаўрэат прэміі НАН Беларусі, узнагароджаны дыпломам «Лепшы вынаходнік Мінскай вобласці», дыпломам і медалём ІІІ Міжнароднай выстаўкі-кірмашу новых тэхналогій, абсталявання, спосабаў лячэння «Свет вынаходстваў і арыгінальных ідэй» у г. Сочы (2003). Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (22):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Пінскім раёне
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Нарадзіліся 22 мая
Катэгорыя·Заслужаныя дзеячы навукі Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Выпускнікі Санкт-Пецярбургскай медыцынскай акадэміі імя І. І. Мечнікава
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Выдатнікі аховы здароўя Беларусі
Катэгорыя·Ганаровыя грамадзяне Пінскага раёна
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1939 годзе
Катэгорыя·Выкладчыкі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі
Катэгорыя·Лаўрэаты прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Выкладчыкі БДУФК
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак