У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Назараў.
Сяргей Іванавіч Назараў (14 кастрычніка 1928, в. Барадзіно, Дубровенскі раён, Аршанская акруга — 11 жніўня 1999) — беларускі вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Доктар тэхнічных навук (1972), прафесар (1974), акадэмік УАСНГІЛ (1988), акадэмік Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1992).
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў 1953 годзе. У 1958—1961 гг. працаваў на Магілёўскай абласной сельскагаспадарчай станцыі, з 1961 г. — у Цэнтральным навукова-даследчым інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскагаспадарчай нечарназёмнай зоны СССР у Мінску. Працуе загадчыкам аддзела, з 1968 г. становіцца намеснікам дырэктара. З 1980 па 1992 - рэктар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, з 1992 па 1999 - начальнік Галоўнага ўпраўлення кадраў і аграрнай адукацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
С. І. Назараў напісаў працы па тэхніцы і тэхналогіі ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана больш як 20 сельскагаспадарчых машын, якія выпускаюцца прамысловасцю Беларусі[1].
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медалямі.