Сырае́жка балотная, сыраежка чырвоная[1] (Russula paludosa) — шапкавы базідыяльны грыб з роду Сыраежка (Russula) сямейства Сыраежкавыя (Russulaceae).
Пладовае цела грыба — шапка на ножцы. Шапка 4—12 см у дыяметры, пукатая, з узростам пляската-ўвагнутая, з рубчастым краем. Скурка на шапцы клейкая, чырвонага або чырвона-бураватага колеру, адстае ад мякаці па краю. Мякаць крохкая, белая, без асаблівага паху. Ножка грыба даўжынёй 6—8 см і 1,5—3 см у дыяметры, цыліндрычная, суцэльная, шчыльная і гладкая. Колер ножкі белы, часам з ружовым адценнем. Пласцінкі слаба прырослыя, шырокія. Колер пласцінак белы, пазней становіцца крэмава-жоўтым. Споры амаль шарападобныя, барадаўчатыя або шыпаватыя, светла-жоўтага колеру.
Ядомы грыб.
Сыраежка балотная распаўсюджана на тэрыторыі Еўразіі і Паўночнай Амерыкі. Звычайны від на тэрыторыі Беларусі. Грыбы растуць у сыраватых хвойных лясах і сярод імхоў на верхавых балотах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—верасні, паасобку або невялікімі групамі.