wd wp Пошук:

Самаране

Самара́не, або самарыця́не (іўр.: שומרונים) — этна-канфесійная група яўрэяў Ізраіля. Агульная колькасць (2015 г.) - 777 чал.

Паходжанне

Існуюць дзве сурацьлеглыя версіі паходжання самаран. Першая абапіраецца на Біблію і меркаванні часткі іўдэйскіх пісьменнікаў, якія лічылі самаран нашчадкамі прышлага насельніцтва. Пасля заваявання старажытнай Ізраільскай дзяржавы ў 722 г. да н. э. Сарган II высяліў адсюль 27290 жыхароў у Месапатамію. На іх месца ў Самарыю былі пераселены выхадцы з Двурэчча. Згодна паданню, іўдзейскі Бог даслаў ільвоў, каб забіць іх. Таму Сарган II адправіў да перасяленцаў іўдзейскага святара навучыць іх божым пастановам. У далейшым яны ўшаноўвалі як іўдзейскага Бога, так і сваіх паганскіх багоў. Пасля вяртання яўрэяў на радзіму самаране працягвалі адрознівацца ад мясцовага насельніцтва сваёй рэлігіяй і традыцыямі.

Другая версія належыць самім самаранам. Яны сцвярджаюць, што паходзяць ад старажытных яўрэяў з Ефраімава і Манасіева пакаленняў. Пасля смерці Ісуса Навіна паміж яўрэямі адбыўся рэлігійны раскол. Самаране з’яўляюцца нашчадкамі адной з дзвюх груп, якая адасобілася ад асноўнай. Сваё найменне яны тлумачаць не жыхарствам у вобласці Самарыя, а тэрмінам іўр.: שַמֶרִים “ахоўнік” традыцый. Генетычныя даследаванні падцвярджаюць версію адзінага або вельмі блізкага паходжання самаран з астатнімі палесцінскімі яўрэямі.

Гісторыя

Адносіны паміж самаранамі і традыцыйнымі іўдаістамі заўсёды заставаліся вельмі напружанымі з моманту вяртання яўрэяў у Палесціну ў 538 г. да н. э. Самаране не ўдзельнічалі ў пабудове новага храма ў Ерусаліме, а шанавалі Бога ў сваім храме на гары Герызім. У час уваходжання Палесціны ў склад дзяржавы Селеўкідаў (312 - 64 гг. да н. э.) сталыя нападкі з боку прыхільнікаў ерусалімскага храма вымусілі самаран арыентавацца на эліністычныя колы. У II ст. да н. э. яны цалкам адмовіліся ад атаесамлення з іўдэямі і падтрымалі агульнадзяржаўныя культы. Храм на гары Герызім быў афіцыйна прысвечаны Зеўсу. У 128 г. да н. э. храм быў разбураны Хасманеямі. Пра тое, што варожыя адносіны да самаран захоўваліся і пасля гэтай падзеі сведчаць сачыненні Іосіфа Флавія, Кумранскія рукапісы, а таксама прытча аб добрым самараніне ў Новым Запавеце.

Пасля ўваходу Палесціны ў склад Рымскай імперыі і задушэння рымлянамі іўдэйскіх паўстанняў самаране ўзнавілі свой храм на гары Герызім, вялі актыўную дзейнасць як на тэрыторыі імперыі, так і ў суседняй дзяржаве Сасанідаў. У пачатку IV ст. легендарны самаранскі першасвятар Баба Раба канчаткова ўсталяваў адзіныя каноны літургіі.

Пасля прыняцця хрысціянства стаўленне імперскіх улад да самаран рэзка змянілася. У час кіравання Зянона Ісаўра самаране падвергліся ганенням. У 484 г. самаране паўсталі. Яны захапілі некалькі цэркваў, абразілі хрысціянскага епіскапа і абвясцілі сваю дзяржаву з цэнтрам у Кейсарыі. Паўстанне было задушана, а адсечаная галава правадыра Хуста падаравана хрысціянамі Зянону Ісаўру. У 529 г. самаране зноў паўсталі. У адказ імператар Юстыніян I разгарнуў шырокія рэпрэсіі, храм на гары Герызім зноў быў разбураны, а вера самаран апынулася пад забаронай.

Пасля арабскага заваявання Блізкага Усходу значная частка самаран прыняла іслам. Колькасць астатніх самаран стала скарачалася з-за звычаю эндагаміішлюбаў толькі знутры сваёй абшчыны. Да канца XX ст. захавалася толькі 4 роды, паміж прадстаўнікамі якіх магчымы шлюбы.

Падчас станаўлення дзяржавы Ізраіль прыхільнікі сіянізму разглядалі самаран як частку яўрэйскага народа і імкнуліся інтэграваць іх у ізраільскую супольнасць. У выніку самаране атрымалі ў Ізраілі статус рэлігійнай меньшасці. У нашы дні большасць самаран жыве ў паселішчы Кір’ят-Луза на тэрыторыі Палесцінскай аўтаноміі і ў горадзе Халон каля Хайфы.

Рэлігія

Рэлігія самаран — монатэізм, заснаваны на веры ў адзінага Бога. Галоўнай сакральнай кнігай самаран прызнаецца Тора, якая складаецца з версіі Пяцікніжжа, адрознай ад іўдэйскай і хрысціянскай. Акрамя таго, шануюцца гістарычныя аповеды, маецца асабістая агіяграфія. Галоўнае сакральнае месца — гара Герызім, якую абавязкова наведваюць ў пасху. Для самаран характэрна эндагамія — дазвол шлюбаў толькі з прадстаўнікамі сваёй рэлігіі.

Мова

Іўрытмова набажэнства, з сярэдзіны XX ст. шырока ўжываецца ў побыце. Да гэтага часу асноўнай гутарковай мовай быў асобны арамейскі дыялект.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Народы Ізраіля
Катэгорыя·Яўрэйскія этнасы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Плыні ў іўдаізме