Саліго́рскае вадасхо́вішча[1] — вадасховішча ў Салігорскім раёне Мінскай вобласці Беларусі на рацэ Случ, каля горада Салігорск.
Вадасховішча створана ў 1967 годзе ў мэтах забеспячэння вадой прадпрыемстваў вытворчага аб’яднання «Беларуськалій», рэгулявання сцёку ракі Случ абваднення сельскагаспадарчых угоддзяў, жыўлення рыбаводнай гаспадаркі[1].
Плошча паверхні вадасховішча складае 23,1 км². Даўжыня 24 км, найбольшая шырыня 2 км. Даўжыня берагавой лініі 70 (61,2 км[2]) км. Найбольшая глыбіня 4,5 м, сярэдняя — 2,5 м. Аб′ём вады 55,9 млн м³. Сярэдні шматгадовы сцёк 288 млн м³. Плошча вадазбору 1793 км². З захаду ўпадае рака Рутка.
Вадасховішча створана на месцы балотнага масіву (каля 40 % берагоў штучныя). Катлавіна моцна выцягнутая ў напрамку з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Берагі нізкія, забалочаныя або ўмацаваныя дамбамі і насыпамі. Каля Салігорска вышыня берагоў 1—3 м. Моцна зарастае.
У вадасховішчы водзяцца шчупак, лешч, гусцяра, плотка, лінь, акунь і іншыя віды рыб.
Вакол вадасховішча створана зона адпачынку.