Савана́р — возера ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Друйка, за 10 км на захад ад горада Браслаў, каля вёскі Мякяны.
Плошча паверхні возера 0,75 км². Найбольшая глыбіня 3,8 м. Даўжыня 1,42 км, найбольшая шырыня 1,01 км. Даўжыня берагавой лініі 5,1 км. Аб’ём вады 1,41 млн м³. Плошча вадазбору 49,2 км².
Катлавіна падпруднага тыпу, падзяляецца на заходнюю (глыбіні 1—2 м) і ўсходнюю (глыбіні больш за 3 м) часткі. Схілы катлавіны вышынёй 5—10 м, параслі хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі. Берагавая лінія ўтварае 5 заліваў. На возеры 3 астравы агульнай плошчай 0,8 га. Каля ўсходняга берага пясчаная водмель. Дно возера плоскае, да глыбіні 1,5 м і вакол астравоў пясчанае, глыбей выслана сапрапелем.
Моцна зарастае паўночна-заходняя частка возера і залівы. Шырыня паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці 20—80 м, падводная расліннасць пашырана да глыбіні 2 м. У возера ўпадаюць 2 ручаі (у т.л. з возера Ажэхава[2]) і выцякае ручай у возера Бужа.
У возеры водзяцца шчупак, лешч, плотка, карась, акунь, лінь, мянтуз і іншыя віды рыб.