Ажэ́хава — возера ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Друйка, каля вёскі Крукі.
Плошча паверхні возера 0,64 км². Даўжыня 1,53 км, найбольшая шырыня 0,71 км, даўжыня берагавой лініі 4,4 км. Найбольшая глыбіня возера 3,3 м, сярэдняя 1,5 м. Аб’ём вады 1,12 млн м³. Плошча вадазбору 19,4 км².
Катлавіна возера рэшткавага тыпу, выцягнутая ў напрамку з захаду на ўсход. Схілы катлавіны вышынёй ад 2—3 да 7—12 м. Берагі стромкія, паўночныя зліваюцца са схіламі катлавіны. Мелкаводдзе пясчана-галечнае, на поўдні апясчанены іл. Глыбакаводная частка азёрнай чашы выслана крэменязёмістым сапрапелем.
Возера эўтрофнае з прыкметамі дыстрафіравання, слабапраточнае. Упадаюць ручаі, выцякае ручай у возера Саванар.