wd wp Пошук:

Рышард Мяніцкі

Рышард Мяніцкі (польск.: Ryszard Mienicki; 28 ліпеня 1886, Варшава — 29 студзеня 1956, Торунь) — польскі архівіст, гісторык, прафесар Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні і Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні.

Біяграфія

Нарадзіўся 28 ліпеня 1886 года ў Варшаве, але дзяцінства і юнацтва правёў на Лепельшчыне. Скончыў Аляксандраўскую гімназію ў Рызе, дзе навучаўся ад 1896 да 1904. Паступіў на гістарычна-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, праз два гады перабраўся ў Кракаў, дзе да 1910 году працягвае навучанне ў Ягелонскім універсітэце.

1910 годам датуюць першую публікацыю Рышарда Мяніцкага пад назвай «Страта Смаленска ў 1654 годзе і справа Абуховіча», надрукаваную ў «Літоўскім квартальніку». Аднак верагодна ён друкаваўся і раней, падпісваючыся мянушкамі «Румбольт з Полацка» або «Румбольт Полацкі». Першы артыкул Румбольта з’явіўся яшчэ ў 1906 годзе ў «Гістарычным аглядзе» і меў назву «Рафал Корсак: мітрапаліт Русі».

У 1911 годзе Рышард Мяніцкі непрацягла даследуе зборы Віцебскага цэнтральнага архіву старажытных актаў. Вынікам стала праца «Архіў старажытных актаў у Віцебску 1852—1903», якая ўбачыла свет толькі ў 1939 годзе. Ад 1912 года дапамагае Яну Корвін Каханоўскаму ў працы над укладаннем дыпламатычнага кодэксу Мазовіі. Адначасова ён дасканаліць веды на юрыдычным факультэце Дэрпцкага ўніверсітэта, дыплом якога атрымлівае ў 1915 годзе.

У тым самым 1915 годзе Рышард Мяніцкі мабілізаваны ў расійскую армію. Пасля бальшавіцкага перавароту пакідае часць і далучаецца да 1-га польскага корпуса пад началам Юзафа Даўбор-Мусніцкага. Улетку 1918 года па расфармаванні корпуса прыязджае ў родны маёнтак, дзе забірае з бацькоўскага архіву найбольш каштоўныя дакументы і перавозіць іх у Вільню. Прымае ўдзел у стварэнні Віленскай Самаабароны. Ад 29.12.1918 прызначаны шэфам канцылярыі штабу акругі, пазней ад’ютантам штабу аддзела. У складзе Літоўска-Беларускай дывізіі, на чале якой стаяў генерал Люцыян Жалігоўскі, прымаў удзел у заняцці 9 кастрычніка 1920 года Вільні.

Дэмабілізаваўшыся пасля вайны ў чыне маёра, уладкоўваецца на працу ў Віленскі архіў. У 1922 годзе бярэ шлюб з Ірэнай Кіркор, якая ў 1926 годзе нарадзіла яму сына Гаральда. Ад часу абароны дысертацыі 20.9.1923 г. выкладае ў Віленскім універсітэце гісторыю, не пакідаючы архіўнае працы. Рышард Мяніцкі быў актыўным удзельнікам Віленскага таварыства сяброў навук, Польскага гістарычнага таварыства, Аб’яднання польскіх бібліятэкараў. Стаў ахвяраю змагання санацыйнага рэжыму Польшчы з іншадумцамі, бо належаў да кансерватыўнага лагеру, што гуртаваўся вакол віленскай газэты «Слова». Міністэрства рэлігійных вызнанняў і асветы не падтрымала яго кандыдатуры на пасаду загадчыка кафедры.

1 красавіка 1939 году Рышарда Мяніцкага прызначаюць кіраўніком Віленскага Дзяржаўнага архіва. Тады ж ён быў адзначаны Залатым Крыжам Заслугі.

Пасля заняцця Вільні савецкімі войскамі Рышард Мяніцкі ад 28 снежня 1939 года быў пераведзены ў намеснікі. У 1940 годзе арыштаваны савецкімі ўладамі, але адпушчаны. У ліпені 1944 года ў часе баёў за Вільню згарэла жытло Мяніцкіх, а разам з ім маёмасьць, архівы, пачатыя працы. Сярод стратаў найбольш каштоўнымі былі матэрыялы да гісторыі Полацкага ваяводства.

Сям’я мусіла з’ехаць. Напачатку яны спыняюцца ў Кельцах. Непрацяглы час Рышард Мяніцкі выкладае ў Ягелонскім універсітэце, але, даведаўшыся аб утварэныні новага Торуньскага ўніверсітэта, недзе ў канцы кастрычніка 1945 года разам з сям’ёй перабіраецца на новае месца. Тут ва ўніверсітэце імя Мікалая Каперніка ад пачатку ён ачольвае кафедру гісторыі Усходняй Еўропы, а ад 1951 года — кафедру архівістыкі. З 1952 года даследуе архівы Хэлмінскага біскупства, аднак у 1955 годзе з палітычных прычын яго адпраўляюць на пенсію.

Смерць напаткала навукоўца 26 студзеня 1956 года. Пахаваны Рышард Мяніцкі на гарадскіх могілках Святога Ежы.

Спадчына

Спадчына Рышарда Мяніцкага ахоплівае розныя галіны гістарычнай навукі. Найбольш значныя гістарычныя працы — «Здароўе Уладыслава IV» ды «Ян Пётр Дварэцкі-Багдановіч, карэктар друкарні Віленскага ўніверсітэта, забыты геральдык (1773—1840)». З успамінаў пра тое, што бачыў і перажыў сам — «Вільня ў польскім збройным высілку» ды «Першае дзесяцігоддзе ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні». Каштоўным ёсць выдадзены пад началам Мяніцкага «Бібліяграфічны слоўнік былога Віленскага ўніверсітэта». Запісаў пасмяротныя успаміны аб Атоне Гедэмане, аўтары прац па гісторыі Браслаўскага і Дзісненскага паветаў, аб Леантыне Івашэўскай, кіраўніцы полацкага рыма-каталіцкага таварыства дабрачыннасці і закладальніцы прыватнай сістэмы навучання.

Пры жыцці прафесара выйшаў у свет толькі першы том «Інвентароў маёмасці Хэлмінскага біскупства» (1955). Другі амаль гатовы том, дапрацаваны намаганнямі жонкі Ірэны і сына Гаральда, з’явіўся ў наступным годзе. Трэці, дзякуючы ягоным сябрам і супрацоўнікам, прыйшоў да чытача яшчэ праз тры гады.

Выбраная бібліяграфія

Зноскі

  1. 1 2 Ryszard Mienicki // Internetowy Polski Słownik Biograficzny

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Варшаве
Катэгорыя·Памерлі ў 1956 годзе
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Архівісты Польшчы
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без альма-матар
Катэгорыя·Гісторыкі Польшчы
Катэгорыя·Выпускнікі Тартускага ўніверсітэта
Катэгорыя·Памерлі 29 студзеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Памерлі ў Торуні
Катэгорыя·Выкладчыкі Універсітэта Мікалая Каперніка
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1886 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 28 ліпеня