wd wp Пошук:

Рудольф Пішчала

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пішчала. Рудольф Міхал Пішчала (польск.: Rudolf Piszczałło; 7 красавіка 1788, Гарадзішча — 12 мая 1868) — дзяржаўны дзеяч. Найбольш вядомы як будаўнік гарадской турмы ў Мінску, якая цяпер вядомая як Пішчалаўскі замак.

Біяграфія

Паходзіў са шляхецкага роду Пішчалаў, які з 1598 года валодалі Гарадзішчам пад Менскам. Нарадзіўся 7 красавіка 1788 года ў сям’і Станіслава і Кацярыны Пішчалаў. Меў трох сясцёр — Караліну, Тэклю і Генрыету. Генрыета пражыла ажно 103 гады, магілы ўсіх трох сясцёр захаваліся на Кальварыйскіх могілках, блізка ад касцёла. У 1811 годзе Рудольф скончыў Віленскі ўніверсітэт і пачаў сваю кар’еру чыноўніка.

У 1814 годзе быў прызначаны членам Мінскага губернскага для ваенных павіннасцяў Камітэта, у якім праслужыў да да яго закрыцця ў 1816 годзе. Затым у 1817 годзе абраны быў старшым суддзёй павятовага суда, і на гэтай пасадзе прабыў шэсць гадоў, пасля чаго быў абраны старшынёй Грамадзянскай палаты, далей старшынёй Крымінальнай палаты.

Пішчалаўскі замак, малюнак ХІХ ст.

Па-за службай зарабляў у тым ліку і будаўніцтвам, у 1821 годзе выйграў тэндар на пабудову гарадской турмы. Пад гэтыя мэты ён выкарыстаў уласны кавалак зямлі. У 1825 годзе ўзведзеная турма хутка атрымала ў мінчукоў мянушку ад прозвішча свайго будаўніка — Пішчалаўскі замак.

Прэзідэнт 1-га дэпартамента Мінскага галоўнага суда. У 1835 годзе быў абраны павятовым маршалакам дваранства. Па заканчэнні трох гадоў зноў абраны быў старшынёй Грамадзянскай палаты, затым па Найвышэйшым загадзе ў 1840 годзе прызначаны інспектарам люстрацыі Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў[ru]. У 1851 годзе вызвалены па прашэнні ад той службы з мундзірам і ў трэці раз абраны старшынёй Грамадзянскай палаты. Меў ранг сапраўднага стацкага саветніка.

У час вызвольнага паўстання, 8 чэрвеня 1863 года, віленскі генерал-губернатар Мураўёў раптоўна выдае сакрэтны загад пра звальненне 5 чыноўнікаў, у тым ліку і Рудольфа Пішчалы. Звольнены са службы 20 чэрвеня 1863 года і пакінуты без пенсіі. Прамых звестак, што Пішчала падтрымаў паўстанне, няма. Праз два гады ён пачаў пісаць прашэнні, каб пенсію вярнулі, пераконваючы, што «не належаў ні да якіх дэманстрацый». У выніку гэта дала плён і пенсію ў памеры 560 руб. 40 кап. вярнулі, аднак 12 мая 1868 года Рудольф Пішчала памёр, так і не дачакаўшыся яе. Пахаваны ў родным Гарадзішчы.

Лісты з просьбай выплаціць пенсію за мужа пачынае пісаць Сафія, гэтая просьба была задаволена — але і яна не пабачыла тых грошай, бо памерла 17 лістапада 1870 года.

Магіла Рудольфа Пішчалы

З часам магіла была страчана. У 2016 годзе мясцовы жыхар, гісторык Эдвард Канановіч, на аснове сведчанняў сталых жыхароў Гарадзішча знайшоў надмагільныя пліты Рудольфа і Сафіі Пішчалаў. Пліты ляжалі ў кучы смецця на глыбіні каля 1 метра. Пасля раскопак 2018 года парэшткі Рудольфа і Сафіі Пішчалаў нарэшце знайшлі супакой. Паводле ініцыятывы грамадскага актывіста Глеба Лабадзенкі і Уладзіслава Слатвінскага на гэтым месцы паўстаў шасціметровы крыж і валун з гранітнай табліцай, магільныя пліты былі прыведзеныя ў парадак і ўсталяваныя наноў. Валун з’яўляецца падарункам кар’ера «Чаркасы», мастацкую аздобу выканаў скульптар Ігар Засімовіч.

Узнагароды

Узнагароджаны ордэнам Св. Уладзіміра 4-й ступені. У 1846 годзе яму абвешчана Манаршае Яго Імператарскай Вялікасці благаваленне.

Сям’я

12 сакавіка 1811 года ў мінскім Марыінскім касцёле Рудольф пабраўся шлюбам з Юліяй Ратынскай. Разам яны пражылі каля 15 гадоў, але дзяцей не мелі, у выніку чаго шлюб распаўся. 17 лютага 1829 года ў тым жа касцёле другой жонкай Рудольфа становіцца Сафія Рэйтан з роду Каменскіх. Яе бацька, Людвік Каменскі быў ветэранам паўстання Тадэвуша Касцюшкі, у далейшым — віцэ-губернатарам Мінскай губерні, а маці, Ізабэла з Тэпераў, была дачкой Пятра Тэпера дэ Фергюсана, аднаго з самых вядомых банкіраў свайго часу, багацце якога ацэньвалася ў 65 мільёнаў злотых.

Першым мужам Сафіі быў Дамінік Рэйтан, герой вайны 1812 года, пляменнік славутага Тадэвуша Рэйтана, які пратэставаў супраць падзелу Рэчы Паспалітай. Ад першага шлюбу ў Сафіі было трое дзяцей — Сцяпан, Людвіка і Алена.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Памерлі ў Мінскім раёне
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1788 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя ў Мінскім раёне
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Памерлі ў Мінскім павеце
Катэгорыя·Павятовыя маршалкі мінскія
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Менскім ваяводстве
Катэгорыя·Дзяржаўныя дзеячы Расійскай імперыі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінскім раёне
Катэгорыя·Памерлі ў 1868 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Памерлі 12 мая
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 4 ступені
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Нарадзіліся 7 красавіка