У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кастра.
Рауль Мадэст Кастра Рус (ісп.: Raúl Castro Ruz; нар. 3 чэрвеня 1931) — брат і паплечнік Фідэля Кастра. Старшыня Дзяржаўнага савета (2008—2018), Савета Міністраў і Вярхоўны галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Кубы з 2008 па 2018, генерал арміі, Герой Кубы. Удзельнічаў у Кубінскай рэвалюцыі, а затым заняў другое пасля брата месца ў дзяржаўным і партыйным кіраўніцтве Кубы.
Рауль Кастра нарадзіўся 3 чэрвеня 1931 года ў правінцыі Орьентэ ў сям’і буйнога землеўладальніка. З юнацкіх гадоў ён актыўна ўдзельнічаў у моладзевым руху: быў членам Саюза сацыялістычнай моладзі, прымаў актыўны ўдзел у барацьбе супраць дыктатуры Фульхенсіа Батыста.
У ліпені 1953 з групай маладых рэвалюцыянераў на чале са сваім братам Фiдэлям Рауль Кастра удзельнічаў у штурму казармы Манкада ў горадзе Сант’яга дэ Куба. Падчас няўдалага штурму Манкада Рауль ўласнаручна палоніў афіцэра арміі Батысты, чым выратаваў жыццё свайму атраду паўстанцаў[3].
За ўдзел у штурму казармаў Манкада Рауль Кастра быў асуджаны да 15 гадоў турэмнага зняволення. У 1955 годзе быў амніставаны і неўзабаве эміграваў у Мексiку[4].
У 1956 г. кубінскія рэвалюцыянеры высадзіліся на Кубе і пачалі ўзброеную барацьбу супраць рэжыму Батысты. У перыяд 1957—1958 гг. узброеныя паўстанцкія атрады, выкарыстоўваючы тактыку партызанскай барацьбы, правялі некалькі буйных і дзесяткі дробных аперацый.
Пасля перамогі Кубінскай рэвалюцыі і звяржэння дыктатуры Батысты ў студзені 1959 Рауль Кастра прымаў удзел ва ўмацаванні рэвалюцыйнай улады ў краіне, узначальваў ваенную і грамадзянскую адміністрацыю. З 1962 года — намеснік, з 1972 года — першы намеснік прэм’ер-міністра Рэвалюцыйнага ўрада Рэспублікі Куба. Са снежня 1976 года — першы намеснік старшыні Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Рэспублікі Куба, дэпутат Нацыянальнай асамблеі народнай улады Рэспублікі Куба[5][6].
31 ліпеня 2006 года Фідэль Кастра склаў з сябе ўладныя паўнамоцтвы ў сувязі са сваёй шпіталізацыяй. Выконваючым абавязкі лідара Кубы ў сувязі з цяжкай хваробай Фідэля Кастра, а затым у сувязі з яго адмовай ўзначаліць Дзяржаўны савет, стаў Рауль Кастра[7].
24 лютага 2008 года парламент Кубы з вынікам у 97,7 % галасоў выбраў Рауля Кастра новым старшынёй Дзяржаўнага Савета Кубы.
10 снежня 2013 года Рауль сустрэўся з прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам паціснуў яму руку на пахавальнай працэсіі Нэльсана Мандэлы[8].
19 красавіка 2018 Рауль Кастра сышоў у адстаўку. Новым кіраўніком краiны стаў Мігель Дыяс-Канель[9].
Рауль сышоў з пасады кіраўніка Дзяржсавета краіны, але заставаўся партыйным лідарам. 16 красавіа 2021 89-гадовы Рауль Кастра сышоў з пасады кіраўніка Камуністычнай партыі Кубы. Ён заявіў, што «з задавальненнем перадае кіраўніцтва краінай групе падрыхтаваных лідараў»[10].
Папярэднік: Фідэль Кастра |
Старшыня дзяржсавета Кубы в.а. 2006—2008, 2008—2018 |
Пераемнік: Мігель Дыяс-Канель |