У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бжазоўскі.
Раймунд Бжазоўскі (польск.: Rajmund Brzozowski, лац.: Rajmundus Brzozowski; 7 снежня 1763 у Літве — 23 жніўня 1848 у Маса-Лубрэнсэ каля Неапаля) — каталіцкі дзеяч, езуіт, філолаг.
У Таварыства Ісуса ўступіў 17 верасня 1780 года ў Полацку. У 1791 г. высвечаны на ксяндза, а 2 лютага 1798 г. склаў апошнія зарокі. Працаваў прафесарам рыторыкі ў калегіумах у Оршы (1788—1789, у 1794—1798 - яшчэ і ўзначальваў там настаўніцкую семінарыю) і Магілёве (1793—1794), а таксама прафесарам філасофіі і матэматыкі ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1799—1800). Потым вёў прапаведніцкую дзейнасць у Магілёве, Оршы і Віцебску. Пасля вяртання ў Полацк — прафесар філасофіі і матэматыкі (1805—1806), схаластычнай філасофіі, кананічнага права і свяшчэннага пісання (1806—1814). З пераўтварэннем калегіума ў Полацкую езуіцкую акадэмію займаў у ёй высокія пасады: канцлера (1814—1817) і рэктара (1817—1820), апошняга ў гісторыі гэтай навучальнай установы[1][2].
Пасля выгнання езуітаў з межаў Расійскай імперыі (1820) выехаў у Рым, дзе ўдзельнічаў у ХХ Генеральнай кангрэгацыі Таварыства Ісуса і стаў асітэнтам новаабранага генерала Луіджы Фортыса[3]. У 1829 г. прадстаўляў Нямецкую правінцыю ордэна на ХХІ Генеральнай кангрэгацыі[4]. Браў актыўны ўдзел у працы польскага эміграцыйнага асяродку. Апошнія гады жыцця правёў у Неапалі[3].
Бжазоўскі апублікаваў дзве працы ў «Полацкім штомесячніку»: O sposobie zatrzymania I rozmnoźenia zdrowego smaku mowy i vymowy ojczystej (odczyt na publicznem posiedzieniu akademii dnia 16 września 1818 r.) і Rozbiór sztuki rymotwórczej Horacyusza. Пазней гэтыя матэрыялы былі ўключаны ў «Слоўнік вядомых польскіх пісьменнікаў» (Słownik sławnych pisarzy polskich). Пакінуў пасля сябе «Слоўнік польскіх пісьменнікаў», фрагмент якога (ад А да Е) захаваўся ў Ватыканскай бібліятэцы[3][5].