wd wp Пошук:

Пётр Пятровіч Марчанка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Марчанка.

Пётр Пятровіч Марчанка (нар. 16 жніўня 1992) — беларускі музыка, грае на струнных, былы удзельнік гурта Irdorath і праекта Shaman Jungle. Палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе[1].

Біяграфія

Нарадзіўся ў вёсцы ў Жлобінскім раёне, дзе дасюль жывуць бацькі Пятра. Мае двух сясцёр, старэйшая з іх — паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева. На яе гітары Пётр самастойна пачаў вучыцца граць.

Пасля школы скончыў абласны ліцэй ў Гомелі, дзе навучаўся ў гістарычным класе, адтуль паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Пазней спрабаваў сябе ў якасці журналіста, працаваў у газеце Менскага трактарнага заводу[2].

За два месяцы да затрымання, у чэрвені 2021, Пётр пабраўся шлюбам са сваёй дзяўчынай Юліяй (у дзявоцтве Юніцкай). Пасля затрымання дома ў Пятра і Юліі засталіся два пацукі і два каты.

Палітычны пераслед

Пётр Марчанка быў затрыманы ўвечары 2 жніўня 2021 на лецішчы пад Мінскам падчас святкавання дня народзінаў Надзеі Калач разам з іншымі музыкамі і гасцямі свята. Агулам было затрымана 16 чалавек, дзесяць з іх пазней атрымалі суткі арышту і штрафы ў межах адміністрацыйных спраў аб непадпарадкаванні міліцыі. Шэсць чалавек, у тым ліку Пётр і Юлія Марчанкі, былі затрыманы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Па сведчанні адной з прысутных на святкаванні, Аляксандры Грахоўскай, затрыманне было падобна на спецаперацыю: прысутныя сабраліся на лецішчы, дзе збіраліся адзначыць дзень народзінаў Надзеі, але перад пачаткам святкавання заўважылі людзей у вайсковай форме без апазнавальных знакаў, якія беглі з розных бакоў і стралялі. «Было так шмат выстралаў, што не зразумела, чаму пакуль усе жывыя» — сведчыла Аляксандра пазней. Для запісу затрымання выкарыстоўваўся дрон, здымкі з якога пасля былі паказаны МУС у тлумачальным відэа па затрыманні. Прысутных паклалі на зямлю, адабралі тэлефоны, пазней жанчынам дазволілі сесці на канапу. Сама Аляксандра праз два дні атрымала штраф ў межах адміністрацыйнай справы за тое, што не адчыніла зламаную брамку, якая не была зачынена (таксама за гэта ж былі асуджаны яшчэ дзевяць чалавек)[3].

10 жніўня 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, Пётр Марчанка і іншыя затрыманныя на святкаванні музыкі быўлі прызнаны палітычнымі зняволеннымі[4].

28 верасня 2021 сімвалічнай «хроснай» Пятра і Юліі Марчанак стала дэпутатка Бундэстагу Філіз Полат(англ.) бел. [5][6].

Амаль пяць месяцаў, якія ішло следства, Марчанка правёў пад арыштам у СІЗА на Валадарскага ў Мінску. З яго лістоў з СІЗА вядома, што ў зняволенні ён займаўся матэматыкай, вывучаў кнігі па праграмаванні, якія былі у бібліятэцы СІЗА, таксама займаўся распрацоўкаў падручніка-прыкладання для дудароў, якім пачаў займацца яшчэ на волі[7].

24 снежня 2021 у судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы Пятра Марчанкі, па адной справе з ім таксама судзілі яго жонку Юлію Марчанку і іншага ўдзельніка гурта Irdorath Антона Шніпа. Як і па справе Калачоў (за 10 дзён да гэтага, 14 снежня, Надзея і Уладзімір Калач былі асуджаны на два гады калоніі) справа Марчанкі спачатку ўключала ў сябе, у тым ліку, і «навучанне ці іншую падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць парадак, а роўна фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці», але праз адсутнасць доказаў дзяржабвінаваўца адмовіўся падтрымаць гэта абвінавачванне. У выніку музыкаў абвінавацілі ў грубым парушэнні грамадскага парадку, яўным непадпарадкаванні законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, перашкодзе руху грамадскага транспарту, здейсненымі групай асоб па папярэдняй змове. Падставай нібыта стаў удзел музыкаў у маршах пратэсту 16 жніўня і 25 кастрычніка 2020 года. 28 снежня 2021 суддзя Анастасія Ачалава вынесла прысуд тром музыкам, дзе пагадзілася з пазіцыяй абвінавачвання і прызначыла ўсім траім падсудным, Пятру і Юліі Марчанкам, а таксама Антону Шніпу па паўтары гады ў калоніі агульнага рэжыму[8].

На пачатку лютага 2022 быў пераведзены з СІЗА-1 у віцебскі СІЗА-2, а 7 красавіка Пётр быў этапаваны ў папраўчую калонію № 3 (Віцьба).

Зноскі

  1. ПЁТР МАРЧАНКА (бел.)
  2. «Цэлы баявік знялі!» Паэтка Юлія Цімафеева — пра зняволенага брата, музыку «Irdorath» (бел.)
  3. Пераслед гурта IRDORATH і іх сяброў: 12 чалавек арыштаваныя па крымінальных і адміністрацыйных справах, чатыры — аштрафаваныя (бел.)
  4. Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 10 новых палітвязняў (бел.)
  5. «Уся мая салідарнасць і прызнанне з імі». У яшчэ 10 палітвязняў з’явіліся еўрапейскія «хросныя» (бел.)
  6. Members of Parliament adopt political prisoners Piotr and Yuliya Marchanka, Alena Talkachova and Mikhail Ferenets (англ.)
  7. «Маё жыццялюбства не перабіць ніякімі турмамі.» Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: 1-7 лістапада 2021 (бел.)
  8. Па паўтара года калоніі прысудзілі палітзняволеным музыкам гурта IRDORATH (бел.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1992 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы пра музыкантаў без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення праваабарончым цэнтрам «Вясна»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 16 жніўня
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Выпускнікі гістарычнага факультэта БДУ