Прабалты́йская мова — гіпатэтычная, пісьмова незасведчаная і рэканструяваная мова індаеўрапейскай сям’і моў, якая з’яўлялася продкам моў балтыйскае групы індаеўрапейскай моўнай сям’і. Як і большая частка прамоваў (моў-продкаў), прабалтыйская мова не пакінула па сабе пісьмовых помнікаў, што зводзіць звесткі аб ёй у галіну лінгвістычных рэканструкцыяў.
У гавым ладзе прабалтыйскай мовы рэканструююцца пяць доўгіх (*i, *e, *a, *o, *u) і чатыры кароткіх (*i, *e, *a, *u) галосных. У параўнанні з праіндаеўрапейскай мовай прабалтыйская сістэма галосных змянілася нязначна: галосныя *a, *o зліліся ў *a, шва прымум перайшло ў *a ў пачатковым складзе, але знікла ў астатніх пазіцыях[1].
Назоўнік у прабалтыйскай мове рэканструюецца як часціна мовы, якая характарызавалася катэгорыямі роду (мужчынскі, жаночы, ніякі), ліку (адзіночны, множны, парны) і склону (назоўны, родны, давальны, вінавальны, мясцовы, творны, клічны)[2]. Па распадзе прабалтыйскай мовы ніякі род захаваўся толькі ў прускай мове, у літоўскай і латышскай ён быў страчаны, аднак у літоўскай захоўваюцца рэлікты прыметнікаў ніякага роду[3].
На падставе літ.: àš, ст.-лет. eš, лат.: es, пруск. as, es для прабалтыйскай мовы рэканструюецца займеннік першай асобы адзіночнага ліку *ež «я»[4]. Грунтуючыся на лет. tù, латышск. tu, пруск. tū таксама рэканструюецца займеннік другой асобы адзіночнага ліку *tū/*tu «ты»[5].
Для дзеяслова рэканструююцца тры асновы: цяперашняга, мінулага і будучага часоў[6].
У дачыненні сінтаксісу лічыцца, што пры будове сказу пераважала схема SOV — дзейнік-дапаўненне-выказнік[7].
Па развіцці індаеўрапеістыкі, а таксама даследаванняў у галіне балтыйскага мовазнаўства практычна агульнапрынята, што балтыйскія мовы ўяўляюць сабою таксон роднасных моў, што паходзіць ад агульнай мовы-продку — прабалтыйскай, і ўваходзяць у вышэйшае генетычнае аб’яднанне, індаеўрапейскую сям’ю моў. Лічыцца, што прабалтыйская мова развілася як адзін з дыялектаў па распадзе праіндаеўрапейскай мовы.
Шэрагам мовазнаўцаў ставіліся спробы па выяўленні асабліва блізкіх сувязяў балтыйскіх моў (і, адпаведна, прабалтыйскай) з іншымі асобнымі мовамі індаеўрапейскай сям’і.
Упершыню гіпотэза на дадзеным грунце была сфармулявана ў ХІХ ст. А. Шляйхерам, на думку якога балтыйскія і славянскія мовы мелі агульны продак, які з’яўляўся прамежкавай стадыяй між распадам праіндаеўрапейскай мовы і вылучэннем прабалтыйскай і праславянскай моў (гл. прабалта-славянская мова). Прыхільнікі дадзенага падыходу звярталі ўвагу на набор лексічных, марфалагічных і сінтаксічных сыходжанняў між балтыйскімі і славянскімі мовамі, але іх праціўнікі, следуючы за індаеўрапеістам А. Мее, разглядалі дадзенае збліжэнне як вынік узаемных кантактаў (моўны саюз), агульнага субстрату і сэрві ўзаемных запазычванняў[8]. У прыватнасці, лексічныя балта-славянскія сыходжанні могуць апынуцца вынікам узаемных запазычванняў, захавання індаеўрапейскага лексічнага фонду, некаторыя лексемы, што ўказваюцца як эксклюзіўныя балта-славянскія, таксама прасочваюцца і ў іншых індаеўрапейскіх[9]. Акрамя таго, у якасці контрааргументаў гіпотэзы балта-славянскага адзінства заўважаўся цэлы набор адрозненняў у фаналогіі (напрыклад, захаванне ў балтыйскіх праіндаеўрапейскага сцячэння *sr, у праславянскай не захаванага; адсутнасць захавання палатальных зычных у балтыйскіх, калі ў корані існаваў *s, што, аднак назіралася ў праславянскай) і марфалогіі (напрыклад, існаванне ў балтыйскіх інфіксу -sto-, адсутнага ў праславянскай, адсутнасць суфіксу дзеепрыметнікаў -lo, прысутнага ў праславянскай).
Іншыя лінгвісты прапаноўвалі трохчленную схему балта-славянскага адзінства, паводле якой першапачаткова доўжыўся перыяд балта-славянскага адзінства, на змену якому прыйшоў перыяд распаду, пасля чаго настаў перыяд паўторнага сыходжання (Я. Развадоўскі, пазней падтрымана таксама Х. Бірнбаўмам)[10][11]. Чацверты падыход пастулюе праславянскую мову як даччыную ў дачыненні да балтыйскіх дыялектаў, гэта значыць, праславянская мова згодна з гэтымі палажэннямі паўстала праз вылучэнне з тагачасных балтыйскіх дыялектаў[12].
Якасна іншы пункт гледжання, які падтрымліваецца некаторымі лінгвістамі, пастулюе існаванне балта-славянскага адзінства і прабалта-славянскай мовы, але адмаўляе ў існаванні прабалтыйскай мовы з прычыны меркаванага распаду прабалта-славянскай мовы адразу на тры галіны — славянскую, заходнебалтыйскую і ўсходнебалтыйскую[13][14].
Прадстаўленая гіпотэза аб балта-дакійска-фракійскіх паралелях (даведзены індаеўрапейскі характар дакійскай і фракійскай моў, але не ўсталяваная іх дакладная класіфікацыя ўнутры індаеўрапейскай сям’і), якія прасочваюцца ў першую чаргу дзякуючы дакійскім і фракійскім тапонімам[15]. Увагу на балтыйска-дакійска-фракійскія тапанімічныя сыходжанні звяртаў таксама Э. Палямэ[16]. І. Дурыданаў з сямідзесяці чатырох дакійскіх тапонімаў налічваў 62 дакійска-балтыйскія кагнаты, якія, на думку даследчыка, не з’яўляліся выпадковымі паралелямі[17].
На карысць цесных генетычных сувязяў між балтыйскімі і ілірыйскімі, фракійскай і некаторымі іншымі старажытнымі мовамі Балканаў выказваўся даследчык балтыйскіх моў У. Тапароў[12].