Падга́цце[1] (трансліт.: Padhaccie, руск.: Подгатье) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навапольскага сельсавета. Месціцца за 41,5 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 26,5 км ад Мінска, 18,5 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск на лініі Мінск — Асіповічы, каля ракі Пціч (прыток Прыпяці).
Назва абазначае месцазнаходжанне, гэта значыць пад гаццю. Гаць — насціл з бярвён або галля праз топкае месца.
У XIX ст. вёска ў Дудзіцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні (яна ж Маркаўшчына). Належала да дамена Самуэлева, уласнасць Радзівілаў, потым Вітгенштэйнаў[2], з 1879 года ўласнасць Эмерыка Чапскага.
У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года была пад акупацыяй войскаў Германскай імперыі.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 года вёска была пад акупацыяй Польшчы.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупаваная нацысцкай Германіяй.