Павел Ксаверый Бжастоўскі, таксама Павел Ксаверый Берастоўскі (30 сакавіка 1739, в. Мосар Ашмянскага павета — 17 лістапада 1827, Рукойні) — дзяржаўны і рэлігійны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мецэнат. Канонік віленскі (1755—1773), пісар вялікі літоўскі (1762—1774) і рэферэндар духоўны вялікі літоўскі (1774—1787)[1], архідыякан віленскі (з 1823)[2]. Публіцыст і перакладчык.
Прадстаўнік шляхецкага роду Бжастоўскіх герба «Стрэмя», сын Юзафа. Меў братоў Роберта і Станіслава.
3 1758 навучаўся ў Рыме ў Калегіум Кліментынум, святар з 1763.
Фінансаваў выданне кніжак езуіцкай, піярскай і базыльянскай друкарнямі ў Вільні. Пераклаў з італьянскай мовы кнігу «Навука для новых спаведнікаў» («Nauka dla nowych spowiedników», Вільня, 1765—66), з французскай мовы кнігі Б. Грасіяна «Універсальны чалавек» («Cziowiek uniwersalny», Вільня, 1765) i Дзюамеля дзю Мансо «Праца аб сельскай гаспадарцы» («Dzieło o rolnictwie», т. 1—2, Вільня, 1770—73). Аўтар кнігі «Генеалагічныя паведамленні пра доме Бжастоўскіх» (на розных мовах, 1776, 1796 і 1818).
У 1767 набыў маёнтак Мерач у Віленскім павеце (перайменаваў яго ў Паўлава), і пад уплывам ідэй філосафа-асветніка Жана Жака Русо, а таксама сацыялістаў-утапістаў Томаса Мора, Анры Сэн-Сімона ды іншых правёў радыкальныя сацыяльна-эканамічныя рэформы, увёў самакіраванне сялянаў[3].
Рэформы апісаў у кнізе «Уставы для добрага парадку і павіннасцей аселых людзей у маёнтку Паўлава ці Мерач, прадпісаныя ў 1771 годзе» (Вільня, 1771, 2-е выданне 1791), «Лісты ананіма, якія апісваюць камісію вольных паўлаўскіх валашчанаў са сваім дзедзічам, ксяндзом Бжастоўскім, экс-рэферэндарам ВКЛ» (без даты і месца выдання).
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795) прадаў Паўлава, жыў у Дрэздэне, Рыме. Па вяртанні на радзіму быў пробашчам у Рукойнях каля Вільні[4].