Но́вы Сцепано́ў[1] (трансліт.: Novy Sciepanoŭ, руск.: Новый Степанов) — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Хракавіцкага сельсавета.
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджвання жыхары (13 сем’яў) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы. Ліквідавана 20 жніўня 2008 года[2].
У 32 км на поўдзень ад Брагіна, 61 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), 149 км ад Гомеля.
Размешчана на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Камарын — Брагін.
Планоўка складаецца з крывалінейнай вуліцы, блізкай да шыротнай арыентацыі. Забудова драўляная, сядзібнага тыпу.
Заснаваны напачатку 1920-х гадоў у выніку раздзела вёскі Сцепаноў на вёскі Стары Сцепаноў і Новы Сцепаноў. У 1920-я гады пачала дзейнічаць школа. У 1927—1931 гадах цэнтр Сцепаноўскага (Новастэфаноўскага) сельсавета. У 1931 годзе арганізаваны калгас. Падчас Вялікай Айчыннай вайны у траўні 1943 года фашысты цалкам спалілі вёску і забілі 41 жыхара. У 1959 годзе ўваходзіла ў саўгас «Савічы» (цэнтр — вёска Савічы). Да 12 лістапада 1966 года вёска ўваходзіла ў склад Сцепаноўскага сельсавета, пасля — у склад Савіцкага сельсавета[3], які 26 сакавіка 1987 года быў перайменаваны ў Хракавіцкі сельсавет[4].