wd wp Пошук:

Нова Воля

Но́ва Во́ля (польск.: Nowa Wola), трыдыцыйная беларуская назва — Но́вая Во́ля (на мясцовай беларускай гаворцы: Но́ва Во́ля[2]) — вёска ў Беластоцкім павеце Падляскага ваяводства Польшчы. Знаходзіцца ў гміне Міхалова.

Праз вёску праходзіць ваяводская дарога W686.

Царква Нараджэння Яна Хрысціцеля (1908 г.).

Насельніцтва

Большасць насельніцтва вёскі складаюць этнічныя беларусы, пераважна праваслаўныя (прыход Нараджэння Яна Хрысціцеля ў вёсцы[3]). Невялікую частку насельніцтва вёскі складаюць каталікі (парафія Божага Провіду ў Міхалове[4]), пераважна з польскай нацыянальнай ідэнтыфікацыяй.

Гісторыя

Новая Воля была заснавана ў пачатку XVIII стагоддзя ў межах заблудаўскіх маёнткаў Радзівілаў, тутэйшыя мужыкі працавалі ў фальварку ў Геранімове. У 1743 годзе Ганна Кацярына Радзівіл фундавала тут уніяцкую царкву ў гонар Нараджэння Божай Маці[2]. Вёска добра развівалася і ў 1763 годзе налічвала 125 хатаў. У 1771 годзе непадалёк Новай Волі адбылася бітва паміж барскімі канфедэратамі і расійскім войскам, у выніку чаго вёска была часткова знішчаная (у 1789 годзе было тут 112 хат)[5]. Верагодна ў канцы 18 ст. ва ўрочышчы Камянны Брод была пабудавана царква Узнясення Гасподняга[6].

Пасля бунту тутэйшых мужыкоў у 1815 годзе Міхал Геранім Радзівіл паменшыўся памер паншчыны для Новай Волі. У 1845 годзе царква з Каменнага Брода была перанесена на могілкі. Чарговы пратэст адбыўся ў 1846 годзе, калі пад кіраўніцтвам Рыгора Серады мужыкі адмовіліся працаваць у лесе на загад уладальніка маёнтка ў Геранімове генерала Казіміра Дзяконскага. 38 мужыкоў было арыштавана царскімі ўладамі і прымушана да прыняцця прысягі на вернасць царскаму ўраду і ген. К. Дзяконскаму. Калі ў Новую Волю прыбылі 4 роты царскага войска, пасля катавання нававольцы прынялі пад прымусам прысягу. У 1859 года стараннямі айца Яна Раздзялоўскага была тут адкрыта першая школа. Нававольскія мужыкі атрымалі асабістую свабоду і надзелы зямлі ў 1866 годзе. Вёска пачала хутка развівацца і ў 1806 годзе пачалася пабудова новай царквы ў гонар Нараджэння Яна Хрысціцеля. Была асвячона епіскапам беластоцкім Уладзімірам.

У час Першай сусветнай вайны большасць нававольцаў падалося ў бежанства ў глыб Расіі, а большая частка вёскі (са старой царвой) была спалена ў выніку нямецка-расійскіх змаганняў. Вяртанне з бежанства працягалася ажно да 1922 года[5].

Хатні хоспіс у будынку былой школы.

У міжваенны перыяд Новая Воля прыналежала да гміны Міхалова Беластоцкага павета Беластоцкага ваяводства. Паводле польскага перапісу насельніцтва 1921 года пражывала тут 224 жыхароў (8 каталікоў і 216 праваслаўных, 9 палякаў і 215 беларусаў)[7].

У 1939—1944 гадах уваходзіла ў склад Беластоцкай вобласці БССР.

З 17 да 22 ліпеня 1944 года немцы абараняліся тут ад савецкага наступлення, што стала прычынай вялікіх пажараў у вёсцы — згарэла 75 хат. Вёска хутка адбудавалася, але ўжо ў 1950-х гадах пачаўся працэс адплыву маладзёжы і з гэтага часу Новая Воля пастаянна меншае[5]. З 2012 года ў будынку былой школы дзейнічае Падляскі анкалагічны хоспіс[8].

Зноскі

  1. Główny Urząd Statystyczny. Bank Danych Lokalnych.(польск.) . Праверана 16 чэрвеня 2015.
  2. 1 2 Atlas gwar wschodniosłowiańskich Białostocczyzny, red. S. Glinka, A. Obrębska-Jabłonowska, J. Siatkowski, t. 1, Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk 1980, s. 49 (нявызн.) (недаступная спасылка) (16 чэрвеня 2015). Архівавана з першакрыніцы 3 красавіка 2019. Праверана 16 чэрвеня 2015.
  3. Parafia Narodzenia Świętego Jana Chrzciciela w Nowej Woli(польск.)  (16 чэрвеня 2015). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2007. Праверана 16 чэрвеня 2015.
  4. Parafia Opatrzności Bożej, Michałowo(польск.) . Parafie. Archidiecezja Białostocka (16 чэрвеня 2015).
  5. 1 2 3 Leszek Nos. Monografia Gminy Michałowo(польск.)  (недаступная спасылка). Towarzystwo Przyjaciół Ziemi Michałowskiej (16 чэрвеня 2015). — Białystok 1996. Архівавана з першакрыніцы 3 сакавіка 2017. Праверана 16 чэрвеня 2015.
  6. Nowa Wola II(польск.) . Kościoły drewniane w Polsce (16 чэрвеня 2015).
  7. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej : opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych. T. 5. Województwo białostockie, с. 16(польск.) . Праверана 16 чэрвеня 2015.
  8. Хоспіс у Новай Волі (нявызн.). Праверана 16 чэрвеня 2015.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Населеныя пункты Беластоцкага павета
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Міхалова (гміна)
Катэгорыя·Населеныя пункты Падляскага ваяводства
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы