Негарэ́лае[2] (трансліт.: Nieharelaje, руск.: Негорелое) — аграгарадок у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці, на р. Ператуць. Уваходзіць у склад Негарэльскага сельсавета. Чыгуначная станцыя на лініі Мінск—Баранавічы. За 10 км на паўднёвы захад ад Дзяржынска, 48 км ад Мінска. Злучаны аўтамабільнымі дарогамі з Мінскам, Дзяржынскам, Баранавічамі, Уздой, Стоўбцамі. Насельніцтва 971 чал. (2010)[1].
Вядомы з XVI ст. як паштовая станцыя на дарозе Менск—Новагародак у Менскім павеце ВКЛ. У 1588 годзе ў складзе Койданаўскага графства Радзівілаў, 18 дымоў, у складзе Койданаўскага графства. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі, у Койданаўскай воласці. У 1794 г. ў маёнтку Негарэлае было 272 двары, З вінакурні, 2 млыны. У 1800 г. вёска, фальварак, панскі двор, мост на р. Ператуць, уладанне князя Д. Радзівіла,
У XIX — пач. XX ст. належала Чапскім. У 1871 праз Негарэлае прайшла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка.
У 1921—1939 савецкая пагранічная станцыя, мела заставу, мытню, кантрольна-прапускны пункт 16-га Дзяржынскага пагранатрада.
З 1924 у Койданаўскім раёне, з 1932 цэнтр сельсавета Дзяржынскага раёна. З 1938 гарадскі пасёлак у Мінскім, з 1939 — у Дзяржынскім раёнах. У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты стварылі тут канцлагер (філіял лагера ў Масюкоўшчыне). З 2009 г. пасёлак у складзе Негарэльскага сельскага савета.
Працуюць завод па вырабе вулляў, лясгас, хлебапекарня, камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва, сярэдняя, базавая і музычная школы, дзіцячы сад, кінатэатр, бібліятэка, бальніца, паліклініка, аддзяленне сувязі, гандлёвы цэнтр.