wd wp Пошук:

Міхаіл Паўлавіч Клімец

Міхаіл Паўлавіч Клімец (2 ліпеня 1938в. Роўбіцк Пружанскага павета Палескага ваяводства, цяпер Пружанскі раён Брэсцкай вобласці2007) — беларускі краязнавец.

Біяграфія

Бацька – Павел Антонавіч Клімец (1906—1953), сталяр, член КПЗБ з 1927 года, палітвязень у міжваеннай Польшчы, пасля верасня 1939 года актыўна ўдзельнічаў ва ўстанаўленні савецкай улады; маці — Алена Адамаўна Барысевіч.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны Пружаншчына была акупіравана нямецкімі войскамі. У лютым 1943 года гестапа арыштавала Паўла Клімца разам з жонкай, чатырохгадовым Міхаілам i немаўлём Анатолем. Да сакавіка яны ўтрымліваліся ў перасылачных пунктах у Сухопалі, Белавежы, Бельску, Беластоку, затым перавезены ў канцлагер непадалёк чыгуначнай станцыі Чарнавесь у Польшчы. У ім знаходзілася больш за 1 000 вязняў, якія туліліся ў фанерных бараках і працавалі па 15 гадзін у суткі на лесараспрацоўках і ў мэблевых цэхах. Зняволеныя цярпелі ад знясільваючай працы, халадоў, голаду і пабояў аховы, шмат хто хварэў на сухоты і нервовыя захворванні.

У такіх жа невыносных умовах знаходзіліся і малалетнія вязні — больш за 300 дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў. Яны ўтрымоўваліся ў дзіцяча-медыцынскім бараку за калючым дротам, у якім гітлераўцы праводзілі медэксперыменты па вывучэнні новых лекаў для нямецкіх салдат, доследы ставіліся нават над дзецьмі-інвалідамі. Дзеці выкарыстоўваліся выключна для ўзяцця донарскай крыві. Працавалі малалетнія вязні і падсобнікамі ў мэблевых цэхах, на гародах і г. д. Міхаіл Паўлавіч успамінаў, што восенню 1943 г. быў жорстка збіты нямецкім ахоўнікам за тое, што з’еў на градцы некалькі бульбін. У выніку атрымаў моцную траўму нагі, якая турбавала яго ўсё жыццё.

У чэрвені 1944 г. чыгуначную станцыю Чарнавесь і лагер, які знаходзіўся побач, моцна бамбілі. Некалькі вязняў загінулі, а Міхаіл быў цяжка паранены, што пасля стала прычынаю інваліднасці. У жніўні 1944 г. лагер быў вызвалены Чырвонай арміяй. Бацька адправіўся на фронт, ваяваў пад Кёнігсбергам.

Пасля вяртання на радзіму П. А. Клімец адбудоўваў спаленыя фашыстамі вёскі, у 1949 г. узначаліў калгас, першы ў Роўбіцкім сельсавеце. У 1953 г. падчас хлебанарыхтовак ён загінуў ад рук бандытаў. Пасля гэтага маці моцна захварэла, з ёю застаўся Міхаіл, а два малодшыя браты (Анатоль і Аляксандр) выхоўваліся ў дзіцячых дамах Шарашова і Кобрына.

Нягледзячы на пасляваенныя цяжкасці, Міхаіл Клімец скончыў Магілёўскае культасветвучылішча, а затым Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1967). Больш за 15 гадоў працаваў у Пружанскім райкаме ЛКСМБ, затым — у райкаме КПБ, а з 1974 г. — намеснікам начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама. У 1980—1993 гг. выкладаў гісторыю ў навучальных установах Брэста, працаваў начальнікам аддзела кадраў камбіната «Дываны Брэста». У 1993—2000 гг. узначальваў абласны Савет былых малалетніх вязняў фашызму — інвалідаў 1941—1945 гг., з 2001 г. быў кансультантам выдання «Кто есть Кто в Республике Беларусь».

Міхаіл Паўлавіч Клімец пайшоў з жыцця 22 чэрвеня 2007 г. У 2008 г. выйшла дакументальна-мастацкая кнiга Анатоля Крэйдзіча «Михаил Климец. Колесо судьбы».

Навуковая дзейнасць

Захапленнем стала краязнаўства, яму Міхаіл Паўлавіч прысвяціў больш за 40 гадоў жыцця. Кола яго інтарэсаў было досыць шырокае, аднак цэнтральнымі тэмамі сталі нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі, уз’яднанне з БССР і падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў рэгіёне. Назапасіўшы матэрыял па савецкай тэматыцы, Міхаіл Паўлавіч заняўся вывучэннем помнікаў гісторыі ў Белавежскай пушчы і яе наваколлях. Яго краязнаўчыя матэрыялы друкаваліся ў розных перыядычных выданнях, увайшлі ў даведнікі «Брест» (1987), «Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область» (1990), кнігі «Памяць» Пружанскага (1992) і Камянецкага (1997) раёнаў, сталі асновай для стварэння ў г. п. Ружаны Пружанскага раёна Кургана Славы ў гонар савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1941 г., помніка паўстанцам К. Каліноўскага ў Ружанскай пушчы, мемарыяльнай дошкі У. І. Леніну на Брэсцкім чыгуначным вакзале і інш.

М. П. Клімец з’яўляецца аўтарам больш за 500 артыкулаў, яго асабісты архіў (больш за 6 000 фотаздымкаў і дакументаў) цяпер захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці (фонд 233). Краязнавец прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы турыстычных маршрутаў па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Матэрыялы, сабраныя ім, папоўнілі фонды Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, музея абароны Брэсцкай крэпасці, музея-сядзібы «Пружанскі палацык».

аграгарадок Роўбіцк, Свята-Георгіеўская капліца.

Цяжкім перыядам жыцця для Міхаіла Паўлавіча сталі гады перабудовы, калі рушыліся ідэалы, за якія змагаўся ўсё жыццё. Асаблівыя адносіны былі ў Міхаіла Паўлавіча да рэлігіі. Нягледзячы на тое, што называў сябе атэістам, ужо ў сталым узросце абвянчаўся з жонкай. Пасля вянчання царкву не наведваў, але цягнуўся да яе, стаў ініцыятарам адраджэння храма ў родным Роўбіцку. Праваслаўную капліцу пабудавалі ў 1993 г. з дапамогай аднавяскоўцаў і пры фінансавай падтрымцы родных Міхаіла Клімца. На памятнай дошцы сярод арганізатараў будаўніцтва капліцы ёсць імя Міхаіла Паўлавіча Клімца.

За сваю грамадскую дзейнасць Міхаіл Клімец узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Брэсцкага аблвыканкама, грамадскіх арганізацый, яму прысвоена званне Ганаровага краязнаўца Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (1988).

Сям’я

Браты:

Працы

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 26 сакавіка 2022.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1938 годзе
Катэгорыя·Узнагароджаныя Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Айчыннай вайны II ступені
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 2007 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі БДУ
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі 22 чэрвеня
Катэгорыя·Краязнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 2 ліпеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў