У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кавыль. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лешчанка. Міхась Кавыль, сапр. Язэп Казіміравіч Лешчанка (1 снежня 1915[1], в. Покаршаў (Покрашава), Слуцкі павет, цяпер Слуцкі раён, Мінская вобласць — 6 красавіка 2017, Саўт-Рывер, Нью-Джэрсі, ЗША[2]; Псеўданімы і крыптанімы: М. К., Я. Ляшчына, Я. Л.) — беларускі паэт, рэдактар, грамадскі дзеяч.
Нapaдзiўcя на Случчыне. Ягоны бацька неўзабаве загінуў у войску падчас Пepшaй Сycвeтнaй вaйны, і ў мaцi засталося пяцёpa дзяцeй. Вучыўся ў Грэскай сямігодцы, пасля ў Грозаўскай, а потым зноў у Грэскай, якую скончыў у 1930. У 1930—1933 вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме (Мінск). 23 лютага 1933 арыштаваны і асуджаны на 3 гады зняволення па справе «Беларускай народнай Грамады». Пакаранне адбываў на Далёкім Усходзе. У 1935 годзе вызвалены, жыў у Варонежы (1935—1941), дзе вучыўся ў педагагічным інстытуце, працаваў на машынабудаўнічым заводзе «Камінтэрн», настаўнічаў.
З пачаткам Другой сусветнай вайны на тэрыторыі СССР на Украінскім фронце. У 1942 трапіў у палон, у 1943 выпушчаны на волю, вярнуўся ў Мінск. Далучыўся да Саюза беларускай моладзі, скончыў прапагандысцкія курсы ў Вустраве пад Берлінам, на якіх рыхтавалі будучых кіраўнікоў СБМ, працаваў у аддзеле прапаганды ў Мінску.
З 1944 у эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, дзе працаваў на шахтах. З 1950 у ЗША, пасяліўся ў Саўт-Рыверы. Рэдактар першых трох нумароў газеты «Беларуская трыбуна», потым рэдактар не пазначаўся. У 1950-х браў актыўны ўдзел у працы Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі (БККА). Быў віцэ-старшынёй на Першым Кангрэсе беларусаў Амерыкі (11 лютага 1951). Сумесна з Янкам Золакам у 1958 г. рэдагаваў літаратурна-мастацкі часопіс «Прыйсьце». Быў сябрам Беларускага інстытута навукі і мастацтва.
З падвоенага № 27—28 (1983) быў сталым рэдактарам часопіса «Беларуская думка», аднак, з-за праблем са здароўем рэдактарскія функцыі перайшлі да друкара і выдаўца часопіса Ж. Навумчыка.
1 снежня 2015 г. адзначыў стагоддзе, з чым яго павіншаваў прэзідэнт ЗША Барак Абама. Управа Беларускага інстытута навукі і мастацтва разам з віншаваннем перадала яму, ягоным сынам і ўнукам копіі старонак з англамоўнай гісторыі беларускай замежнай літаратуры брытанскага прафесара Арнольда Макміліна, на якіх аўтар апісвае літаратурныя творы Міхася Кавыля.
Памёр 6 красавіка 2017 г. у Саўт-Рыверы і пахаваны на могілках царквы Св. Еўфрасінні Полацкай.
Друкавацца пачаў у 1929 у газеце «Беларуская вёска». Уваходзіў у літаратурную арганізацыю «Маладняк». У 1942—1944 друкаваўся ў газеце «Раніца», потым у шэрагу эміграцыйных выданняў.
На эміграцыі выйшлі зборнікі паэзіі «Ростань», «Пад зорымі белымі», «Першая рана», «Цяжкія думы», кніга выбраных твораў «Міжагнёўе».
Займаўся перакладчыцкай дзейнасцю, з украінскай пераклаў паасобныя творы Яра Славуціча, М. Рыльскага, П. Тычыны; з англійскай — Н. Гімбела[en], польскай — В. Гамуліцкага, Л. Падгорскага-Аколава, рускай — Б. Пастэрнака. Сумесна з Янам Пятроўскім пераклаў «Роздумы» Марка Аўрэлія.