У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ромер. Міхал Піус Пасхаліс Ромер (польск.: Michał Pius Paschalis Römer, літ.: Mykolas Römeris; 25.4(7.5).1880, в. Багдонішкі Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., цяпер Панявежскі пав. Літвы — 22.2.1945) — польскі і літоўскі вучоны, грамадска-палітычны дзеяч.
З шляхецкага роду Ромераў, сын Міхала Казіміра Ромера (1845-1920) і Канстанцыі з Тукалаў (1847-?).
Вучыўся ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве (1901-02), Парыжскай школе палітычных навук (1902-05).
У 1911-15 супрацоўнічаў з газетай «Наша ніва», член рэдакцыі віленскай газеты «Kurier Krajowy» («Краёвы кур’ер»; 1913). Узначальваў віленскую масонскую ложу «Літва». Станоўча ацэньваў грамадска-палітычны і культурны рух беларусаў і літоўцаў, абараняў яго ад нападак польскіх і рускіх шавіністычных колаў. Адзін з галоўных ідэолагаў ліберальна-дэмакратычнага крыла краёўцаў. У 1913-15 распрацаваў канцэпцыю новай Рэчы Паспалітай у выглядзе канфедэрацыі Польшчы і «гістарычнай Літвы» як самастойных і дэмакратычных дзяржаў. Для вырашэння гэтай задачы ў 1915 далучыўся да легіёнаў Ю. Пілсудскага.
У 1919 па даручэнні апошняга вёў у Коўне перагаворы з літоўскім кіраўніцтвам пра стварэнне канфедэрацыі, але літоўскі бок не прыняў гэтую прапанову. У 1920 асудзіў захоп Віленшчыны войскамі генерала Л. Жалігоўскага і ў знак пратэсту пераехаў у Літву. Прафесар права (1922) і рэктар Ковенскага (1927-28, 1933-39), прафесар Віленскага (1940-45) універсітэтаў. У час нацысцкай акупацыі арганізоўваў у Вільні тайнае навучанне, падтрымліваў сувязь з рухам Супраціўлення.
У 2004 годзе Літоўскаму ўніверсітэту права ў Вільнюсе нададзена імя Ромера.
У першым шлюбе (17 кастрычніка 1909) з Рэгінай з Ромераў (1882-?), дачкой Эдварда Матэвуша Ромера і Юзэфы з Чахоўскіх, меў дачку Цэліну (1910-?).
У другім шлюбе (23 красавіка 1938) з Ядвігай Чапайце (Čepaitė; 1905—1988). Дзеці:
Міхал Піус Ромер на Вікісховішчы |