wd wp Пошук:

Мілан Лах

Уладыка Мі́лан Лах (славацк.: Milan Lach; нар. 18 лістапада 1973, Кежмарак) — славацкі рэлігійны ўніяцкі дзеяч, дапаможны епіскап Прэшаўскай архіепархіі Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы, іераманах Ордэна Езуітаў.

Біяграфія

У 1992 г. Мілан Лах быў залічаны ў грэка-каталіцкую духоўную семінарыю. У 1995 г. уступіў у навіцыят Ордэна Езуітаў у горадзе Трнава. Ён працягнуў вучобу на факультэце тэалогіі ў Трнаўскім універсітэце. 11 лістапада 2000 г. прыняў дыяканскія свячанні. Мілан Лах быў высвечаны ў сан святара 11 ліпеня 2001 г. у Кафедральным саборы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў горадзе Кошыцы уладыкам Міланам (Хаўтурам). У 20032004 гг. быў прызначаны на пасаду кіраўніка Цэнтра духоўнасці «Усход—Захад» у Кошыцах.

З 2004 г. вучыўся ў Папскім усходнім інстытуце ў Рыме. У 2006 г. атрымаў званне ліцэнзіята тэалогіі ў галіне ўсходніх царкоўных навук, а ў 2009 г. — званне доктара. У 2009 г. Мілан Лах ізноў пачаў працаваць у Цэнтры духоўнасці «Усход—Захад» імя Міхала Лацка. Адзін семестр вывучаў хрысціянскую духоўнасць Усходу на факультэце тэалогіі Каталіцкага ўніверсітэта ў Кошыцах. З 1 снежня 2011 г. да 1 чэрвеня 2013 г. працаваў у Трнаўскім універсітэце ў якасці намесніка дэкана па міжнародных сувязях і развіцці. Ён выкладаў там хрысціянскую духоўнасць і духоўнасць хрысціянскага Усходу — менавіта тыя прадметы, у якіх сам меў грунтоўныя і прафесійныя веды.

Мілан Лах прымаў актыўны ўдзел у Федэрацыі скаўтаў Еўропы ў якасці нацыянальнага духоўнага памочніка. Бегла размаўляе па-італьянску, свабодна валодае англійскай і рускай мовамі, пасіўна — французскай мовай.

19 красавіка 2013 г. быў прызначаны Папам Францішкам на пасаду дапаможнага епіскапа Прэшаўскай архіепархіі Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы[1]. 1 чэрвеня 2013 г. прэшаўскі архіепіскап і мітрапаліт, кіраўнік Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы, уладыка Ян Баб’як высвяціў і прывёў да ўлады дапаможнага епіскапа ў Базіліцы Успення Прасвятой Багародзіцы ў Люціне — галоўным паломніцкім месцы Прэшаўскай архіепархіі. Саслужылі епіскап Кошыцкай епархіі ўладыка Мілан Хаўтур і епіскап Браціслаўскай епархіі ўладыка Пэтэр Руснак[2][3][4].

30 жніўня 2014 г., знаходзячыся з візітам у Беларусі, уладыка Мілан Лах узначаліў урачыстую архірэйскую Літургію ў грэка-каталіцкім цэнтры Святога і Праведнага Язэпа ў Мінску, пресвечаную памяці ўладыкі Часлава Сіповіча — стагоддзю з дня яго нараджэння.

Зноскі

  1. Svätý Otec František menoval prešovského pomocného biskupa (славацк.)
  2. V Ľutine bol vysvätený pomocný biskup pre Prešovskú archieparchiu (славацк.)
  3. Milan Lach – nový pomocný biskup prešovskej archieparchie (славацк.)
  4. Termín a miesto biskupskej vysviacky Mons. Milana Lacha SJ (славацк.)
Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Дактары багаслоўя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Езуіты Славакіі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1973 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Папскага ўсходняга інстытута
Катэгорыя·Постаці славацкага ўсходняга каталіцтва
Катэгорыя·Каталіцкія біскупы Славакіі
Катэгорыя·Нарадзіліся 18 лістапада
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Кежмарку