wd wp Пошук:

Мікалай Паўлавіч Антропаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Антропаў. Мікала́й Па́ўлавіч Антро́паў (нар. 30 лістапада 1950, Мінск, Беларусь) — беларускі вучоны-славіст, этымолаг, этналінгвіст, дыялектолаг, фалькларыст, кандыдат філалагічных навук (1983), дацэнт (2008), аўтар каля 250 апублікаваных навуковых прац.

Адукацыя

У 1968—1973 гг. вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Филолог. Преподаватель русского языка и литературы». Падчас навучання ва ўніверсітэце пачаў займацца навуковымі даследаваннямі ў спецсемінары пад кіраўніцтвам прафесара М. Г. Булахава. У 1971 г. апублікаваў першую навуковую работу, удзельнічаў у студэнцкіх навуковых канферэнцыях. Пасля службы ў войску (1973—1975 гг.) вярнуўся на філалагічны факультэт, дзе працаваў выкладчыкам кафедры рускай мовы (1975—1979 гг., 1983—1984 гг.).

Навукова-даследчыцкая дзейнасць

1979—1982 гг. — навучанне ў аспірантуры пры кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства (навуковы кіраўнік — прафесар А. Я. Супрун).

1983 г. — абарона кандыдацкай дысертацыі «Названия птиц в белорусском языке на общеславянском фоне» па спецыяльнасці 10.02.03 «Славянскія мовы».

1984 г. — малодшы навуковы супрацоўнік, 1986—1991 гг. — старшы навуковы супрацоўнік Навукова-даследчыцкай лабараторыі беларускага фальклора і дыялекталогіі пры кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. Распачаў работу па збору палявых матэрыялаў па этналінгвістычных праграмах для «Беларускага фальклорна-этналінгвістычнага атласа» (БФЭЛА), значная колькасць якіх у апрацаваным і картаграфаваным выглядзе апублікаваны ў некалькіх серыях навуковых артыкулаў. Адначасова наладзіў супрацоўніцтва з сектарам этналінгвістыкі і фальклору Інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук (РАН) і яго тагачасным загадчыкам — акадэмікам, заснавальнікам Маскоўскай этналінгвістычнай школы М. І. Талстым. Значная частка сабраных у беларускім Палессі матэрыялаў захоўваецца ў Палескім архіве Інстытута славяназнаўства РАН.

Да 1993 г. кіраваў спецсемінарам «Актуальныя праблемы беларускай і ўсходнеславянскай этналінгвістыкі» на філалагічным факультэце БДУ. Падчас яго правядзення былі падрыхтаваны і паспяхова абаронены каля 35 дыпломных праектаў па этналінгвістычнай праблематыцы.

1991—1993 гг. — загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы канцэпцыі выдання і падрыхтоўцы першых тамоў «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак у пяці тамах» (1993—1998). Распрацаваў 16 карт (частка ў суаўтарстве) для 2 тома «Сельская гаспадарка».

2000—2001 гг. — старшы навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, з 2004 гг. — вядучы навуковы супрацоўнік.

2001—2003 гг. — дацэнт кафедры рускай мовы Эрджыескага ўніверсітэта ў г. Кайсеры (Турцыя).

2005—2017 гг. — загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

З 2019 г. — вядучы навуковы супрацоўнік сектара этналінгвістыкі і фальклору аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

У якасці навуковага кіраўніка падрыхтаваў чатырох кандыдатаў навук; кіраваў працай некалькіх аспірантаў аддзела славістыкі і тэорыі мовы; неаднаразова выступаў у якасці афіцыйнага апанента па абаронах кандыдацкіх дысертацый. На працягу некалькіх гадоў працаваў старшынёй дзяржаўных камісій на філалагічным факультэце БДУ, прымаў экзамены ў магістраў і аспірантаў. Выступаў з лекцыямі ў Масарыкавым, Венскім, Люблінскім, Тартускім універсітэтах, Інстытуце латышскай мовы АН Латвіі.

Удзел у айчынных і міжнародных калектыўных навуковых праектах

З 2000 г. уваходзіць у склад аўтарскага калектыву «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы», які за гады ўзнаўлення працы над слоўнікам падрыхтаваў 10—14 тт. (2004—2017 гг.); з 11 т. (2006 г.) з’яўляецца адказным рэдактарам слоўніка.

Прымаў удзел у IX (Кіеў, Украіна; 1983 г.), XIV (Охрыд, Паўночная Македонія; 2008 г.), XV (Мінск, Беларусь; 2013 г.) і XVI (Белград, Сербія; 2018 г.) з’ездах славістаў; некалькіх Міжнародных кангрэсах беларусістаў; буйных навуковых канферэнцыях шэрагу замежных універсітэтаў і акадэмій навук еўрапейскіх краін; традыцыйных этналінгвістычных канферэнцыях «Талстоўскія чытанні» у Яснай Паляне (Расія) і інш.

Актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні XV (Мінскага) з’езда славістаў, уваходзіў у склад арганізацыйнага і праграмнага камітэтаў. У рамках падрыхтоўкі выданняў да з’езда як складальнік і адказны рэдактар прыняў удзел у падрыхтоўцы і выданні зборніка «Беларуская мовазнаўчая славістыка на з’ездах славістаў» (2013 г.), для якога напісаў таксама прадмову (разам з Г. А. Цыхуном).

З 2008 г. з’яўляецца сябрам Этымалагічнай, Этналінгвістычнай і Фалькларыстычнай камісій пры Міжнародным камітэце славістаў (МКС); з 2010 г. — камісіі «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» пры МКС. На XVI з’ездзе славістаў у Белградзе абраны старшынёй Этымалагічнай камісіі.

З’яўляецца сябрам рэдкалегій часопіса «Беларуская лінгвістыка» і штогадовага альманаха «Беларускі фальклор», штатным рэцэнзентам перыядычнага выдання «Веснік Белдзяржуніверсітэта. Серыя 4: Філалогія. Журналістыка. Педагогіка»; штатным замежным рэцэнзентам польскіх перыядычных выданняў: «Studia z filologii polskiej i słowiańskiej» (Варшава), «Etnolingwistyka» (Люблін) і «Socjolingwistyka» (Кракаў).

2014—2019 гг. — кіраваў сумеснымі беларуска-польскімі навуковымі праектамі «Выкарыстанне этымалагічных даных у этналінгвістычных даследаваннях» і «Даследаванне семантычнай матывацыі ў беларускай і польскай мовах у дыяхранічным дыяпазоне» разам з прафесарам Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук М. Якубовіч (Кракаў). У выніку іх выканання з’явіўся шэраг публікацый удзельнікаў праекта ў айчынным і замежным навуковым друку.

Выбраныя працы

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мовазнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Славісты
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства НАНБ
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй альма-матар у картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1950 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 30 лістапада